Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам
І вось як у кроплі вады ў гісторыі з Крачуном адбіваецца сённяшняя сістэма арганізацыі беларускага грамадства. Крачун заўсёды неабвяргальны: бо ён — кіроўца дзяржаўнай машыны.
Аркадзь Крачун пасля ДТЗ на плошчы Бангалор
Аркадзь Крачун, кіроўца аўтобуса МАЗ-105 (гармоніка) з аўтапарку №6, які здзейсніў 20 ДТЗ ў 2013 г. у Мінску і застаўся непакараным — як быццам з прычыны невінаватасці, ужо зрабіўся
героем Інтэрнэту. Каля 170 тысяч праглядаў набраў ролік на youtube.
Якая эстрадная зорка ці палітычны дзяяч можа пахваліцца гэтакай папулярнасцю? Пісаў пра яго і НЧ, і шматлікія іншыя
рэсурсы. Кожная з публікацый пра героя на папулярным сайце tut.by – з самім ролікам і з падрабязным аналізам усіх інцыдэнтаў атрымала да тысячы водгукаў у абмеркаваннях.
Але вось што цікава: у грамадскіх абмеркаваннях абсалютная большасць засяроджваецца на тэхнічных аспектах: мог кіроўца своечасова затармазіць, ці не? Сам Крачун, паблажліва называючы сваіх ахвяр
“вадзятламі”, матывуе свае дзеянні клопатам пра пасажыраў. Маўляў, экстрэннае тармажэнне можа выклікаць траўмы людзей у салоне, за што адказнасць будзе несці ён сам. Быццам
сутыкненне ў сваю чаргу не можа пацягнуь траўмаванне людзей, а відэарэгістратар не пераканае, у выпадку тармажэння, што кіроўца не вінаваты.
Quod licet Jovi, non licet bovi. Што дазволена Юпітэру, тое не дазволена быку. Вы можаце ўявіць на месцы Крачуна кіроўцу недзяржаўнай маршруткі, які б выйшаў сухім з вады пасля 20 інцыдэнтаў?
Наўрад ці. Затое амаль кожны прыгадае, як начальства на дзяржпрадпрыемстве абавязвае работніка да пазакантрактнай адпрацоўкі. Ці змушае набыць білет на канцэрт артыстаў “дзяржаўнага
пула”. Ці тое, што міліцыянт у канфлікце з прыватным грамадзянінам заўсёды мае рацыю, нават спасылаючыся на відавочна фальшывыя сведчанні сваіх калег. А дзеці з дзяржаўных школ абавязкова
прыгадаюць прымусовыя паходы на якія-небудзь Калядныя хакейныя турніры — парадак абавязвае.
Калі Крачуна не звольняць, застаецца пажадаць псеўда Робін Гуду, у чарговы раз, дай Бог, без ахвяр, сутыкнуўшыся — спаткаць на дарозе аўто якога-небудзь важнага чыноўніка. І напоўніцу
спазнаць усе перавагі “дзяржаўнага статусу”.