Кнігу Карбалевіча пра Лукашэнку таксама правераць на экстрэмізм
14 верасня пры вяртанні з Літвы ў Беларусь на аўтамабілі быў затрыманы для дагляду сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Малочка. У яго канфіскавана для экспертызы кніга Валерыя Карбалевіча «Аляксандар Лукашэнка. Палітычны партрэт». Сказалі, будуць правяраць на экстрэмізм.
Надгляд доўжыўся больш за две з паловай гадзіны. Мытнікам не спадабалася назва выдавецтва, у якім выйшла кніга — «Партызан».
«Вы, значыць, нейкі прадстаўнік апазіцыі», — казалі яны. «Цікава, Аляксандр Рыгоравіч так ганарыцца партызанскім рухам, а вось бач ты — аказваецца, апазіцыя...» Пярэчанні Аляксандра, што ён не з'яўляецца ўладальнікам дадзенага выдавецтва, якое знаходзіцца, да слова сказаць, у Расіі, дружалюбнай саюзнай дзяржаве, а толькі уладальнікам аднаго-адзінага асобніка кнігі, мытню не супакоіла.
Кнігу канфіскавалі, склаўшы акт адбору. «Паабяцалі, што па выніках экспертызы са мной будуць размаўляць супрацоўнікі КДБ, — распавядае актывіст. — Дарэчы, кніга перасекла са мной мяжу з Беларусі ў Літву зусім бесперашкодна, яна ездзіць са мной у машыне — проста чытаў у чарзе на мяжы».