Кныровіч: У тых, хто цяпер ва ўладзе, толькі дзве апоры – сілавая і ў Крамлі. Больш нічога няма

Аляксандр Кныровіч распавёў Польскаму радыё, як, на яго думку, змянілася Беларусь за той час, што ён быў у няволі. 

14352060_1786639738216433_7744827582168666552_o_1.jpg


– Мне здаецца, што адбылося нараджэнне нацыі, людзі ўбачылі, што ёсць мы, мы – беларусы, і колькі нас. Гэта самае важнае. Таксама стала зразумела, што ў тых людзей, якія цяпер знаходзяцца ва ўладзе, толькі дзве апоры – сілавая і ў Крамлі, больш нічога няма.


– У сваім «развітальным» допісе вы адной з прычын назвалі немагчымасць жыць і працаваць у Беларусі з пачуццём уласнай годнасці. Ці раней было інакш?
– Ці раней магчыма было мець пачуццё ўласнай годнасці? Так. Да студзеня 2017 года і я, і мае калегі адчувалі, што можна мець пачуццё ўласнай годнасці і займацца бізнесам у Рэспубліцы Беларусь. Усё ж такі дзяржаўная сістэма і прымала правілы, і знаходзілася крыху ўбаку ад прыватнага бізнеса. Так, былі адзінкавыя выпадкі ціску, але гэта не была ўсеагульная практыка. Сёння сітуацыя кардынальна змянілася.
– Ці можаце акрэсліць, куды цяпер ідзе, а, дакладней, коціцца Беларусь?
– Я пакуль не доўгі тэрмін знаходжуся на свабодзе. І мне здаецца, што многа не разумею.
Але асабістыя адчуванні, што сітуацыя склалася такая, як гэта было ў Расіі сто год таму. Калі вялікая група людзей з’ехала, разлічваючы, што праз два-пяць год яны вернуцца. А падаўляючая большасць насельніцтва засталася і спаўна зведала на сабе ўвесь цяжар таго, што адбывалася пасля: грамадзянскую вайну, рэпрэсіі і многае іншае.
Канешне, на вуліцы дваццаць першае стагоддзе, а не дваццатае, гэта мае свае асаблівасці. Але сітуацыя вельмі падобная.
Так, я з’ехаў. І збіраюся рэалізоўвацца як прадпрымальнік, наколькі хопіць мах талентаў, але ў іншай краіне.
*****
Нагадаем, бізнесмен Аляксандр Кныровіч  з'яўляецца сузаснавальнікам групы кампаніяў «Сармат», супольнасці «бізнес-анёлаў» і венчурных інвестараў «Бавін». Выказваўся пра сітуацыю ў краіне ў блогах. Праз яго матэрыялы ў 2015 годзе Мінінфарм заблакаваў сайт kyky.org.
У 2018-м яго прысудзілі да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за  ўхіленне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і хабар.
Апеляцыйны суд скараціў тэрмін зняволення да 5 год.
17 жніўня 2021 года стала вядома пра вызваленне Кныровіча. Тэрмін ягоны пералічылі праз змены ў заканадаўстве. Ён адседзеў 4,5 гады. 
14 верасня Аляксандр Кныровіч напісаў у фэйсбуку пра тое, што з'ехаў з Беларусі.