Бізнэсмен Аляксандр Кныровіч з’ехаў з Беларусі. Месяц таму ён выйшаў з турмы

«Такім чынам, я з'ехаў… Няма і не можа быць ніякай больш важнай каштоўнасці ў жыцці чалавека, чым свабода. Свабода думаць, казаць, рабіць. Не азіраючыся… І гэта штодзённае адчуванне важней за грошы, здароўе, сэкс і сацыяльны статус», — напісаў ён у фэйсбуку.

14352060_1786639738216433_7744827582168666552_o.jpg

«Адзін мой знаёмы, беларускі прадпрымальнік, на днях сказаў мне: «Я жыву засунуўшы пачуццё ўласнай годнасці сабе ў …». Я так не змагу. Я проста не змагу сябе ўгаварыць. Таму — я з'ехаў.

Вельмі спадзяюся, што не назаўсёды Усё-ткі я вельмі люблю свой горад і ганаруся пераважнай большасцю людзей. Трымайцеся, дарагія мае героі!» — дадаў ён.

Аляксандр Кныровіч — бізнесовец. Сузаснавальнік групы кампаніяў «Сармат», супольнасці «бізнес-анёлаў» і венчурных інвестараў «Бавін», нагадвае «Наша Ніва».

Быў медыяперсонай, калумністам. Востра выказваўся наконт становішча ў краіне. Міністэрства інфармацыі ў 2015 годзе нават заблакавала сайт kyky.org праз некалькі матэрыялаў Кныровіча.

У 2018-м яго прысудзілі да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Кныровіча абвінавацілі ва ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і хабары. Праз ягоную незаконную дзейнасць, паводле следства, завышаліся кошты на абсталяванне, што нібыта нават адбілася на коштах ЖКГ. Шкоду ацанілі ў 3,4 мільёна рублёў.

Кныровіч часткова прызнаў віну. Казаў, што намеру ўхіляцца ад сплаты падаткаў не меў. 

Апеляцыйны суд скараціў тэрмін зняволення да 5 год.

Пакаранне ён адбываў у віцебскай калоніі, куды адпраўляюць асуджаных бізнэсоўцаў, былых чыноўнікаў і сілавікоў. У чэрвені 2021 года з гэтай калоніі датэрмінова выйшлі на свабоду акадэмік Бялецкі і былы намеснік міністра аховы здароўя Ласіцкі, асуджаныя за карупцыю. 

17 жніўня 2021 года стала вядома пра вызваленне Кныровіча. Тэрмін ягоны пералічылі праз змены ў заканадаўстве. Ён адседзеў 4,5 гады.