Колькасць чальцоў незалежнага прафсаюза «Гродна Азота» вырасла ў 20 разоў
Колькасць чальцоў незалежнага прафсаюза «Гродна Азота» вырасла ў 20 разоў. Калі ў пачатку жніўня ў ім было каля 20 чалавек, дык цяпер больш за 400. Пра гэта распавёў старшыня суполкі Беларускага незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве Андрэй Ханевіч.

У той жа час у студзені-кастрычніку бягучага года з афіцыйнага прафсаюза «Гродна Азота» (з «Белхімпрафсаюза», які ўваходзіць у склад праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі) выйшлі 940 чалавек. На 1 лістапада там заставаўся 6321 работнік. Пра гэта расказаў старшыня прафсаюзнага камітэта Андрэй Ражынскі, перадае Еўрарадыё.
У жніўні 2020-га на «Гродна Азоце» прайшлі хваляванні працоўных, якія выступілі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і супраць гвалту сілавікоў. Рабіліся спробы арганізацыі страйку. У адказ адміністрацыя звальняла актывістаў. Хваляванні на прадпрыемстве працягваліся і ў наступныя месяцы.