Колькасць жывёл у лясах на планеце скарацілася ўдвая
Асноўнай прычынай беспрэцэдэнтнага скарачэння колькасці дзікіх жывёл эксперты назвалі страту асяроддзя пражывання, у прыватнасці ў выніку высечкі лясоў.
За апошнія 50 гадоў колькасць жывёл у лясах на планеце скарацілася ўдвая, заяўляюць даследчыкі Сусветнага фонду дзікай прыроды (WWF). Пра гэта паведамляе "Нямецкая хваля" са спасылкай на выданне групы Redaktionsnetzwerk Deutschland.
Найбольш уразлівымі катэгорыямі ў жывёльным свеце даследчыкі называюць амфібій, напрыклад, жаб, а таксама млекакормячых, у прыватнасці малпаў, і лясных сланоў. Асноўнай прычынай беспрэцэдэнтнага скарачэння колькасці дзікіх жывёл, па дадзеных WWF, з'яўляецца страта асяроддзя пражывання, у прыватнасці ў выніку высечкі лясоў. "Заняпад біялагічнай разнастайнасці ў сусветных лясах — гэта перасцярога", — заявіў член савета WWF Крыстоф Генрых у каментары Redaktionsnetzwerk Deutschland. Паводле яго слоў, выміранне жывёл можа негатыўна паўплываць на здольнасць лясоў захоўваць парніковыя газы, прывядзе да больш жорсткага кліматычнага крызісу. Для даследавання навукоўцы выкарысталі дадзеныя аб 268 відах пазваночных і 455 папуляцыях жывёл.