Козік з возу. Ці будзе прафсаюзам лягчэй?

Тры дні прафсаюзныя дзеячы ды чыноўнікі гулялі з журналістамі ў хованкі на прадмет таго, ці сыходзіць са сваёй пасады кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік. Нарэшце стала вядома, што ён сказаў сваім прафсаюзам «гуд бай».



kozik.jpg

Ці будуць па ім сумаваць у ФПБ?

Цяжка сказаць, ці заплача хто-небудзь з гэтае нагоды. Хіба што нехта з самага блізкага атачэння самога Козіка. Пры Козіку ФПБ ператварылася з арганізацыі па абароне правоў працоўных у так бы мовіць жандара, «смотрящего» на прадпрыемствах, што сочыць, як бы там не адбылося нешто «супрацьуладнага» з боку працаўнікоў.

Усе гэтыя дванаццаць год козікаўскія прафсаюзы вызначаліся найбольш тым, што палымяна дабраахвотна-прымусова ладзілі святы на 1-га мая цалкам у савецкай традыцыі з плакатамі і транспарантамі ды лозунгамі ў патрымку палітыкі дзеючага кіраўніка дзяржавы. Козік у шматлікіх інтэрв’ю падкрэсліваў, што ягоная федэрацыя ёсць самай надзейнай апорай улады, правадніком яе палітыкі на прадпрыемствах, у калектывах, сярод працоўных. Такая адданасць была зразумелая і ўзячна прынятая ў вышэйшых эшалонах улады, таму Козік і захоўваўся на гэтай не самай пыльнай працы такі працяглы час.

Козікаўская ФПБ практычна ніколі не рэагавала на сапраўды глабальныя захады рэжыму па пагаршэнні стану працоўных. Можна хіба толькі прыгадаць, як чыста фармальна на тых жа першамайскіх дэманстрацыях ды мітынгах некаторыя іх удзельнікі трымалі загадзя падрыхтаваныя расцяжкі ці плакаты з нягеглымі заклікамі да ўраду «спыніць павышэнне цэн» ці  «захаваць годны ўровень жыцця працоўных людзей».

А ці зрабіла што-небудзь гэтая козікаўская структура супраць увядзення кабальных гадавых працоўных кантрактаў для працоўнага люду? Бо менавіта гэтая сістэма пераўтварыла большасць беларусаў у «жыхароў балота», якія баяцца слова сказаць у сваю абарону, якія могуць пазбавіцца працы, таму што з імі могуць папросту не працягнуць кантракт.

А ці выступіла ФПБ з патрабаваннямі кампенсацыі праз павышэнне заробкаў ці іншыя крокі тае жахлівае дэвальвацыі 2011 году, калі пераважная большасць беларускага народу, у тым ліку і працоўныя, збяднелі ўтрая?

А ці апратэставала Федэрацыя прафсаюўзаў Беларусі на чале з Козікам фактычнае ўвядзенне афіцыйным беларускім лідарам прыгоннага права на прадпрыемствах дрэваапрацоўчай прамысловасці, калі людзям забаранілі звальняцца «да заканчэння мадэрнізацыі» гэтых прадпрыемстваў (пра поспехі той «мадэрнізацыі» лепш прамаўчым)?

Нічога ФПБ не зрабіла. Затое кіраўніцтва гэтай арганізацыі, якую ўжо можна смела назваць падраздзяленнем адміністрацыі прэзідэнта, вызначалася «адважнай барацьбой» супраць незалежных прафсаюзаў. Палітыка кіраўніцтва ФПБ, які і кіраўніцтва краіны ў цэлым, прывяла да таго, што Беларусь пазбаўлена прэферэнцыяў у гандлі з Захадам і праз гэта губляе да 300 мільёнаў долараў за год. Апроч таго, сітуацыя з незалежнымі прафсаюзамі рэгулярна трапляе ў парадак дня пасяджэнняў і форумаў Міжнароднай арганізацыі працы. Вось за што можна «падзякаваць» спадару-таварышу Козіку і ягонай кампаніі.

Козік сыходзіць, і пакуль што незразумела, хто прыйдзе яму на змену. Але адно можна прадказаць з вялікай доляй верагоднасці. Нічога пры дзеючай дзяржаўнай сістэме, калі найбуйнейшая прафсаюзная арганізацыя дзьме ў дуду афіцыйнае ўлады, з прыходам на кіраўніцтва у ФПБ каго б там ні было, істотна не зменіцца. Федэрацыя застанецца кішэннай арганізацыяй, якую толькі ўмоўна можна назваць прафсаюзнай. Размеркаванне пуцёвак у санаторыі-прафілакторыі ці піянерскія лагеры не ёсць галоўнай задачай прафсаюзаў. Іх задача – абарона прынцыповых правоў працоўных. Ажно да страйкаў ці пагрозаў іх правядзення. А вось з гэтым у ФПБ як раз поўны швах.

Даведка:

Леанід Козік нарадзіўся ў 1948 годзе ў горадзе Барысаве. Працоўны шлях пачынаў з токара, кіроўцы. У 1977 годзе скончыў Белдзяржуніверсітэт, а ў 1985 годзе — Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Паводле адукацыі юрыст і эканаміст. Працаваў памочнікам пракурора, старшынём прафкаму БАТЭ, дырэктарам швейнай фабрыкі ў Барысаве. З’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання — старшынём Камісіі па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэта. Ад 1995 да 1998 года працаваў у структурах СНД, Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. У 1998 годзе быў намеснікам кіраўніка беларускага ўрада, у 2001-м — намеснікам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта. У ліпені 2002 году быў абраны старшынём Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Доктар эканамічных навук (1999), прафесар. Акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі, эканомікі і права.