Крымінальную справу за знявечанне «Віцебскіх Курапатаў» міліцыя распачынаць не будзе
Следчыя аддзелу міліцыі Віцебскага раёна не знайшлі злодзея, які знявечыў народны мемарыял у памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій каля вёскі Хайсы.
У адказ на заяву з нагоды знікнення ўсталяваных сябрам КХП БНФ Янам Дзяржаўцавым пяці мемарыяльных крыжоў, ён атрымаў з міліцыі паведамленне, што распачынаць крымінальную справу не бачаць падстаў.
Следчыя не ўгледзелі ў дзеяннях асобы, якая пашкодзіла самаробны мемарыял, складу злачынства, вызначанага ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь як «наўмыснае разбурэнне, знішчэнне або пашкоджанне помнікаў гісторыі і культуры» ці «абняслаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў». Бо ў адпаведных артыкулах кодэксу аб’ектамі замаху лічацца толькі тыя аб’екты, якія аднесеныя да помнікаў гісторыі і культуры ў афіцыйным парадку. Крыжы, усталяваныя актывістамі КХП БНФ па ўласным жаданні, да такіх аб’ектаў не належаць.
Таксама, на думку следчых, у дзеяннях невядомага вандала няма складу злачынства, вызначанага як «абняслаўленне трупа ці магілы». Бо, хоць каля вёскі Хайсы і знойдзеныя шматлікія чалавечыя парэшткі, статус гэтага пахавання пакуль не вызначаны.
Паколькі чатыры з пяці скрадзеных крыжоў праз пэўны час былі знойдзеныя міліцыяй і самімі актывістамі, памер матэрыяльных стратаў Яна Дзяржаўцава не адпавядае заканадаўчым нормам, каб распачаць крымінальную справу за крадзеж маёмасці. У сваёй заяве актывіст пазначыў, што пяць крыжоў каштавалі яму 500 тысяч рублёў, бо менавіта такія сродкі былі выдаткаваныя на набыццё піламатэрыялаў і выраб мемарыяльных знакаў. Спадару Дзяржаўцаву 4 крыжы вярнулі, а кошт апошняга, не знойдзенага, не перавышае памеру дзвюх базавых велічынь. Таму падставаў для крымінальнага расследавання няма, лічыць міліцыя, але абяцае, што ў выпадку, калі вандал і злодзей усё ж такі будзе знойдзены, то на яго складуць адміністрацыйны пратакол за дробны крадзеж.
За амаль два месяцы міліцыя так і не знайшла вінаватага — таго, хто зламаў крыжы і адцягнуў іх на некалькі дзясяткаў мэтраў ад месца ўсталявання, прыхаваўшы ў лесе. Паводле міліцыянтаў, на тэрыторыі Мазалаўскага сельсавету яны апыталі асобаў, раней судзімых за падобныя злачынствы, а таксама тых, што злоўжываюць спіртовымі напоямі і вядуць антыграмадскі лад жыцця. Таксама былі апытаныя жыхары бліжэйшых вёсак, супрацоўнікі пошукавага батальёну, якія вялі раскопкі на месцы масавых пахаванняў каля вёскі Хайсы, працаўнікі Лосвідскага лясніцтва і Мазалаўскага сельсавету.
Пра свае далейшыя дзеянні, што да пошуку вандалаў і злодзеяў, якія знявечылі народны мемарыял, міліцыянты нічога не паведамілі актывісту. Ян Дзяржаўцаў настойвае на неабходнасці працягваць пошукі вінаватых. А таксама на тым, каб актывістам грамадскай ініцыятывы «Хайсы» паведамілі пра вынікі экспертызы парэшткаў, знойдзеных у лесе.
Паводле мясцовых старажылаў, каля вёсак Хайсы і Дрыколле ў 1930-я гады адбываліся «сталінскія расстрэлы», і ў гэтых мясцінах былі знойдзеныя парэшткі некалькіх соцень нявысветленых асобаў.
Паводле www.svaboda.org