Крымінальныя справы пасля акцый пратэсту. Што вядома на дадзены момант?

Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае звесткі пра людзей, у дачыненні да якіх былі распачатыя крымінальныя справы пасля затрыманняў на акцыях пратэсту, якія пачаліся ў Беларусі пасля выбараў прэзідэнта. Па стане на 1 верасня «Вясне» вядома больш чым пра 60 падазраваных па такіх справах у розных гарадах краіны.

protest_avtozak_nn.jpg

Артыкул 293 Крымінальнага кодэкса (Масавыя беспарадкі)

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомы прозвішчы мінімум 66 чалавек, якія былі затрыманы ў межах крымінальных спраў аб масавых беспарадках па арт. 293 КК РБ. З іх у дадзены момант пад вартай працягваюць знаходзіцца як мінімум 38 чалавек (21 чалавек у Мінску і як мінімум 17 у рэгіёнах).
Беларуская праваабарончая супольнасць лічыць пераслед грамадзян за арганізацыю ці ўдзел у масавых беспарадках палітычна матываваным і патрабуе неадкладнага вызвалення затрыманых у межах гэтых спраў. Частка затрыманых ужо прызнаная беларускімі праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі.

Затрыманыя альбо перавезены ў Мінск

Юры Васкрасенскі, бізнэсмэн і каардынатар штаба Віктара Бабарыка. Быў затрыманы 12 жніўня. На наступны дзень у сюжэце «Беларусь 1» яго назвалі арганізатарам пратэстаў у сталічным мікрараёне Уручча. Паводле інфармацыі ад яго жонкі, ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ па падазрэнні ў здзяйсненні злачынстваў па артыкулах 293 (масавыя беспарадкі) і 310 (Наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый) Крымінальнага кодэкса.
Уладзіслаў Карэцкі, валанцёр штаба Віктара Бабарыка, знаходзіцца ў СІЗА КДБ у якасці падазраванага па 293-м артыкуле.
Таксама затрыманы валанцёр штаба Бабарыка Ігар Ярмолаў. Паводле інфармацыі, якую паведамілі TUT.BY бацькі, ён быў збіты, цяпер знаходзіцца ў вайсковым шпіталі. Ён затрыманы таксама па артыкуле 293 КК РБ.
Папярэдне ў рамках справы аб масавых беспарадках затрыманыя яшчэ чатыры валанцёры штаба Віктара Бабарыка:
Лявон Халатран — знаходзіцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага. Антон Бяленскі — знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Андрэй Пазняк — быў моцна збіты.
Таксама быў затрыманы дырэктар прыватнага прадпрыемства «Бондастыль» Сяргей Міхяёнак у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Сяргей быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыка. У ягонай кватэры прайшоў ператрус: забралі ноўтбукі, кампутар, усе мабільныя тэлефоны, асабістыя грошы жонкі. Вядома, што спачатку Сяргей быў у СІЗА КДБ, затым яго перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага, праз 10 дзён вызвалілі.
Пад падпіску аб нявыездзе выпушчаны з СІЗА КДБ Ігар Бяленскі. Ён застаецца ў статусе падазраванага.
Сябраў ініцыятыўнай групы экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыка Арцёма і Аляксандру Моладавых, затрыманых 12 жніўня дома ў Гомелі, перавезлі ў Мінск У ЦІП на Акрэсціна. Першапачаткова яны былі затрыманыя як падазраваныя паводле артыкула 342 КК ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх"). Аднак абвінавачванне па гэтым артыкуле ім не прад'явілі - справу перакваліфікавалі ў 293 КК РБ. Паводле апошніх звестак, Моладавых адпусцілі з пад варты. 
Па справе аб масавых беспарадках былі зарыманыя валанцёры штаба Ціханоўскай Алег Маісеенка, Арцём Панасюк і Дзмітрый Нагайчанка. Яны былі вызвалены без прад'яўлення абвінавачвання.
У межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках (ч. 1 арт. 293 КК РБ) 13 жніўня затрыманыя актывісты анархісцкага руху Аляксандар Францкевіч і Акіхіра Ханада. Абодва яны пераведзеныя з ізалятара на вул. Акрэсціна ў СІЗА-1. Ім прад'яўлены абвінавачванні.
Затрыманых у Гомелі актывістаў Таццяну Канеўскую, Юрыя Уласава і Аляксандра Шабаліна перавезлі з Гомельскага ІЧУ ў мінскі СІЗА-1. Усе трое затрыманыя ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках (293 КК РБ). Ім прад'яўлены абвінавачванні.
Палітыку Паўлу Севярынцу прад'явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК РБ (удзел у масавых беспарадках). Ён знаходзіцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага. Да гэтага Севярынец амаль тры месяцы знаходзіўся ў мінскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе адбываў адзін за адным адміністрацыйныя арышты за ўдзел ці заклікі да несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.
Расейцы Арцём Важанкоў і Ігар Рогаў. Як піша TUT.BY, 12 жніўня ў эфіры «Беларусь 1» паказалі сюжэт, дзе са спасылкай на Следчы камітэт гаварылася аб іх затрыманні ў якасці падазраваных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Важанкоў, хоць і па-ранейшаму з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы, быў адпушчаны на волю 15 жніўня.
28-гадовы дальнабойшчык Зміцер быў затрыманы дома 13 жніўня. Як распавяла TUT.BY яго мама, хлопец у ноч з 10 на 11 жніўня прысутнічаў на акцыі каля станцыі метро "Пушкінская". Яго папрасілі перагарадзіць дарогу машынай камунальнай службы. Ён гэта зрабіў, цяпер яму ставяць у віну тры артыкулы Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 293 (Масавыя беспарадкі), ч. 1 арт. 310 (Наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый), ч. 3 арт. 214 (Крадзеж транспартнага сродку, учынены з прымяненнем насілля, небяспечнага для жыцця або здароўя, альбо з пагрозай яго прымянення).
Абвінавачванне па ч. 1 арт. 293 КК РБ (арганізацыя масавых беспарадкаў) прад'яўленае Ігнату Сідорчыку. Паводле апошніх звестак, ён знаходзіўся ў ізалятары ў Жодзіна, верагодна, ужо пераведзены ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінск.
Таксама вядома, што па артыкуле 293 КК РБ былі затрыманыя Юрый Савіцкі (сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, ужо прад'яўлена абвінавачванне, знаходзіцца пад вартай), Арцём Хвашчэўскі, Арцём Саўчук, Дзяніс Ч. (прад'яўлена абвінавачванне), Дзмітрый Кубараў, Руслан Парфёнаў (пераведзены з Мазыра).
31 жніўня ў Мінску быў затрыманы валанцёр «Вясны» Павел Гарбуз. Стала вядома, што ў дачыненні да яго распачалі крымінальную справу паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэкса. Яго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў 9-12 жніўня ў Мінску. Ён знаходзіцца ў статусе падазраванага ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.
Віталь Шкляр, Аляксандр Гурнік, Ігар Гантавы і яшчэ мінімум 13 чалавек — падазраваныя па справе аб "масавых беспарадках", адпушчаны з ІЧУ.

Затрыманыя ў рэгіёнах

Віктар Шаура быў затрыманы ў Наваполацку ўвечары 10 жніўня. 13 жніўня яго маці патэлефанаваў следчы з Віцебска і паведаміў, што яе сыну выставілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК РБ. Віктар Шаура пераведзены ў віцебскі следчы ізалятар. У кватэры Шауры прайшоў ператрус.
У Карэлічах у межах справы аб масавых беспарадках (ч.1 арт. 293 КК РБ) у статусе падазраванага праходзіць Сяргей Уласевіч. Цяпер ён на волі пад падпіскай аб нявыездзе. Таксама пад вартай застаецца Дзяніс Кірэшчанка па гэтай жа крымінальнай справе.
У Гродне справа аб масавых беспарадках заведзеная на давераную асобу Святланы Ціханоўскай Дзмітрыя Ціта. Ён на волі пад падпіскай.
У СІЗА Брэста знаходзяцца падазраваныя па справе аб масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК РБ):
Ягор Пракапчук,Віталь Пракапчук,Ілля Мігно,Віктар Панцялееў,Аляксандр Тэлешман,Мікіта Ганчароў — прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК РБ. Змешчаны пад варту на 2 месяца.У Мар'інай горцы па гэтым жа артыкуле праходзіць Аляксандр Мурын. Ён на волі.
У СІЗА Баранавічаў знаходзяцца мінімум 9 чалавек, затрыманых у Пінксу па артыкуле аб масавых беспарадках. Сярод іх:
Артур Халімончык - прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК РБ (удзел у масавых беспарадках), Раман Багнавец - прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК РБ, Вячаслаў Рагашчук - прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК РБ,Алег Рубец,Данііл Богнат.

Артыкул 363. Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак

Андрэй Сяргеенкаў з Полацка быў затрыманы 9 жніўня, знаходзіцца ў СІЗА Полацка (верагодна будзе пераведзены ў Віцебск). Андрэй з'яўляецца вайсковым юрыстам, жыве ў інтэрнаце пры вайсковай частцы, дзе прайшоў ператрус.
Справа па гэтым жа артыкуле заведзеная на Рамана Караневіча са Слуцка. Раман моцна збіты.
Як паведамляе TUT.BY, Міхаіл Сімакоў быў затрыманы 11 жніўня. Як паведамлялася, яго затрымалі ў раёне ГЦ "Дана Мол" з 10 тысячамі долараў у заплечніку — нібыта ён плаціў удзельнікам беспарадкаў. Сам Міхаіл Сімакоў і яго жонка распавялі іншую версію падзей: мужчыну затрымалі каля пад'езда людзі ў цывільным, ён падумаў, што гэта рабаванне — з сабой у яго было каля 9 тысяч долараў, выручаных ад продажу машыны (ёсць адпаведны дагавор). З ізалятара мужчыну выпусцілі 14 жніўня пад падпіску аб нявыездзе, аб абвінавачваннях у арганізацыі беспарадкаў нічога не паведамілі. Пры вызваленні яму не вярнулі грошы, а цяпер прад'явілі абвінавачванні па артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку ўнутраных спраў).


Артыкул 364. Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў

Максім Кучынскі затрыманы 9 жніўня ў Слоніме на мірнай акцыі, абараняў дзяўчыну, якую пачалі біць. На наступны дзень яму далі 7 сутак арышту і адначасова пачалі крымінальную справу. Цяпер ён на волі пад падпіскай.
Алена Маўшук з Пінска знаходзіцца пад вартай у СІЗА-6 у Баранавічах. Папярэдне за тое, што з палкай нібыта замахвалася на супрацоўнікаў міліцыі (АМАП).
Таксама ў Баранавіцкім СІЗА знаходзіцца Віктар Купрык, які, на думку следства, кідаў растваральнік у супрацоўнікаў міліцыі. Па расказах сваякоў, мужчына проста вёз растваральнік дадому жонцы.
У шпіталі ў Гродна знаходзіцца збіты Аляксей Лапа. На яго завялі крымінальную справу паводле арт. 364 КК — Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
"Вясне" вядомыя прозвішчы яшчэ мінімум 6 чалавек, які знаходзяцца ў статусе падазраваных па дадзеным артыкуле і адначасова па артыкуле 342 КК РБ (Арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Асобна па артыкуле 342 КК РБ распачатая справа ў адносінах да жыхара Мазыра Уладзіслава Падалінскага.
Таксама па 342-м артыкуле заведзена крымінальная справа ў Гродне. Актывістаў пачалі выклікаць на допыты ў якасці сведкаў.
spring96.org