Крысціна Вітушка: У камеру на чатыры месцы напіхвалі па 55 чалавек. Нас не кармілі

Крысціна Вітушка, маркетолаг і бізнес-аналітык, жонка дзіцячага лекара-рэаніматолага Андрэя Вітушкі, напісала пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары на Акрэсціна.

Крысціна і Андрэй Вітушкі з сынам Міронам. Фота з сацсетак

Крысціна і Андрэй Вітушкі з сынам Міронам. Фота з сацсетак


Крысціна Вітушка паведаміла, што выпусцілі яе сёння бліжэй да 5 раніцы, даволі раптоўна. Яна ўпэўненая, што падзейнічала салідарнасць.
«Сябры, я дома. Вялікі дзякуй усім за падтрымку., — напісала Крысціна ў фэйсбуку. — Выпусцілі мяне сёння бліжэй да 5 раніцы, даволі раптоўна. Я ўпэўнена, што падзейнічала салідарнасць.
На Акрэсціна ўтрымліваюць тысячы людзей. Я была ў 4-меснай камеры (каля 10 кв.м), дзе стаялі 2 двухпавярховыя ложкі, стол і параша. Туды напіхвалі па 55 чалавек. Нас не кармілі. У мяне быў з сабой інсулін, але яго забрала фельчар, якая заявіла "Карміць вас не збіраюцца — навошта ён вам?" Але потым мне пачалі прыносіць глюкометр і інсулін 2 разы на дзень. Ведаю, што мне спрабавалі таксама перадаць інсуліны, але іх не прынеслі.
Сярод затрыманых у нашай камеры была мама 11-ці дзяцей, была супрацоўніца місіі ААН у Ліване, былі 2 журналісткі, была дзяўчына ў ружовых ласінах і маечцы, якая выйшла пакарміць коцікаў ля пад'езда і яе забралі, учора прывялі маю былую калегу @Lia Terentyeva — яна хацела дапамагаць параненым, таксама прывялі 2 фельчараў з 7 падстанцыі хуткай дапамогі ў форме...
У камерах няма чым дыхаць, няма інфармацы пра час (вельмі крута, што людзі пад сценамі ЦІП кожную гадзіну крычаць, колькі часу), дзяўчатам не даюць пракладкі, не хапае прыбіральнай паперы, не выносіцца смецце.
Перад тым, як мяне выпусціць, сказалі, што мой адвакат "всех задолбал", хаця яму так і не далі інфармацыю пра мяне. Дзякуй, Siarhej Zikratski!
Кажуць, што сябры пазнаюцца ў бядзе. Я ведала, што Alesia Charniauskaja — надзейны чалавек з велізарным сэрцам. Яна прыехада пад Цэнтральны РУУС, як толькі нам паведамілі, што сын там (падманулі, дарэчы, - яго утрымлівалі ў Фрунзенскім). Прывезла ваду і дапамагала людзям, якія таксама прыехалі ў пошуку сваіх дзяцей. У нейкі момант знеадкуль з'явіліся аўтазакі і нас усіх туды запіхалі. У тым ліку і Алесю. Яна падтрымлівала жанчын у камеры і ўвесь час не баючыся патрабавала хаця б мінімальнай павагі да нас. Усе, хто пазнаёміўся з Алесяй за гэтыя дні, не сумняюцца, што яна анёл. Мы маліліся разам, калі начамі катавалі мужчын. Пра катаванні тут пісаць не буду - гэта горш, чым вы можаце сабе ўявіць, а нас могуць чытаць дзеці і бацькі затрыманых.
Вялікі дзякуй майму брату і яго цудоўнай жонцы, найкруцейшай свякрові, маім неверагодным былым і цяперашнім калегам, усім сябрам. Я яшчэ не пра ўсё і ўсіх ведаю, але сын кажа, што для яго было вельмі важна адчуваць такую падтрымку, застаўшыся без бацькоў.
Штодня ў камеру прыводзілі людзей, якіх затрымалі непасрэдна пад Акрэсціна, хто прыехаў у падтрымку. Мы ўсе ў камерах думалі, што не хацелі б, каб у нейкі момант прывялі кагосьці з сяброў ці родных. Падтрымка вельмі важная. Нас выпусцілі без рэчай - у мяне няма тэлефона, ключоў ад хаты і машыны, пашпарта, правоў, грошай, картак і нават заручальнага пярсцёнка - ўсё забралі і невядома калі вернуць, ці вернуць увогуле. Таму вада, ежа, цёплая коўдра і магчымасць патэлефанаваць, якую сярод ночы далі валанцёры, былі вельмі важныя. Многім дапамагалі дабрацца дахаты, нават у іншыя гарады. Але, сябры, майце на ўвазе, што гэта ўсё досыць рызыкоўна, варта прадумваць нейкія меры бяспекі.
Я ўсё яшчэ не ведаю, дзе мой муж. Спачатку ён быў у адной з камер паблізу, але потым кудысці падзеўся — мне не адказалі, куды. Я вельмі вельмі хвалююся. А таксама ў жаху ад сінякоў на целе свайго сына — не дарую!»