Крытыкаваць нельга абагаўляць: Еўропа
Некаторы час таму блогерка з Беларусі на 20-тысячную аўдыторыю распавяла пра тое, як у
Італіі брудна, нясмачна, непрыемна. А вось у Беларусі, казала яна, нашмат лепш,
праўда, ёсць «нюансы». Гэта выклікала вострую рэакцыю ў мяне і многіх іншых
беларусаў, таму што нашы «нюансы» – гэта збіццё на вуліцах, пагромы ў кватэрах і раптоўныя смерці ў СІЗА. Але як толькі чалавек вырашыць, што ён на 100% у чымсьці правы, жыццё абавязкова падкіне контраргументы.
Нядаўна мы з мужам апынуліся ў Мілане, дзе давялося перажыць пагрозу фізічнай бяспекі.
Наш самалёт Палерма— Мілан прыляцеў сярод ночы, таму вырашылі не траціць дадатковыя 100+ еўра за ложак і засяліцца ўжо раніцай. Да таго ж перспектыва начнога спаткання на пустой Piazza del Duomo і бязлюднай Galleria Vittorio Emanuele II здавалася вельмі рамантычнай.
Але як толькі аўтобус прывёз нас з аэрапорта да Milano Centrale, атмасфера горада адчулася як надзвычай варожая. Тут адбылося déjà vu — штосьці падобнае я адчувала ў Парыжы. Прабачце за непаліткарэктнасць, вакол відавочна не было ніводнага еўрапейца, толькі безліч мігрантаў, якім было не да сну. Але тым, хто прыехаў з Сіцыліі, баяцца няма чаго, падумалі мы і рушылі ў напрамку Duomo.
Здарэнне не прымусіла сябе чакаць – недзе праз 200 метраў я бакавым зрокам заўважыла чалавека ў каптуры, гатовага здзейсніць напад, і загадзя закрычала. Гэта адбылося за долю секунды, якая ўсё вырашыла. Ён учапіўся ў маю невялікую торбачку, але ўсё склалася супраць яго — і тое, што ручка была металічнай, і тое, што муж адразу за ім пабег. У выніку нападнік адчапіўся, але страшна падумаць, што безліч фактараў маглі б зрабіць гэтую гісторыю трагедыяй.
На зваротным шляху ў нас зноў была магчымасць паглядзець на Milano Centrale ўначы (аўтобус у аэрапорт адпраўляецца з гэтай станцыі). Не хачу агучваць падрабязнасці, але проста паверце, што больш брыдкага месца адшукаць складана.
Асабіста мяне ўсё гэта прымушае зрабіць высновы аб правале міграцыйнай палітыкі Еўразвязу, паразважаць пра сутнасць дэмакратыі і ўпэўніцца ў кансерватыўных поглядах. Але дакладна не зрабіць выснову на карысць лукашэнкаўскага «парадку». Дарэчы, варта нагадаць яго прыхільнікам, што сённяшняя Беларусь таксама выступае каналам нелегальнай міграцыі з Блізкага Усходу.
У межах маёй і, верагодна, вашай «бурбалкі» падобнае здаецца відавочным, але варта памятаць пра безліч тых беларусаў па-за бурбалкай, якія абураюцца бесхацінцам, што спяць на турыстычных вуліцах Рыма, прыгаворваючы «вось яна, ваша свабода».Так, на чысценькіх мінскіх праспектах падобнага не заўважыш — зняважаныя, збітыя, галодныя беларускія бесхацінцы хаваюцца падалей і не засмучваюць пільнае вока нашых суайчыннікаў у белых паліто.
На жаль, Беларусь і Еўропа знаходзяцца на розных прыступках эвалюцыі. Прабачце за банальнасць, але ў Еўропе ў вас, прынамсі, ёсць магчымасць звярнуцца ў паліцыю. А калі нападаюць праваахоўнікі — выйсця няма. Паколькі нам выпала такая магчымасць, давайце глядзець на вялікі свет з шырока расплюшчанымі вачыма, казаць пра дрэннае і захапляцца добрым, каб з гэтым пакетам назапашаных высноў прымаць слушныя рашэнні, калі прыйдзе час.