Купалле на сядзібе Васіля Быкава

7 ліпеня 2019 года, у межах 95-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Васіля Быкава і 90-годдзя з дня нараджэння кампазітара Яўгена Глебава, у Музеі-дачы Васіля Быкава пройдзе літаратурна-мастацкае мерапрыемства «Купалле на сядзібе Васіля Быкава: невядомыя кінахронікі»

.

.


Падчас імпрэзы адбудзецца прэзентацыя адрэстаўраваных і невядомых дагэтуль шырокай грамадскасці хатніх кінахронік, на якіх быў зняты Васіль Быкаў разам з сябрам Яўгенам Глебавым ды іншымі дзеячамі ў 1970-х гг.: без цэнзуры, жыццёва, так, як усё і было насамрэч. Здымкі ажыццяўляліся Радзіёнам Глебавым праз 8-міміліметровую камеру, пашыраную ў спажывецкім карыстанні таго часу.
Вядома, што прозу Васіля Быкава рэжысёры любяць за кінематаграфічнасць. Адной з прычын гэтага з'яўляюцца мастацкія здольнасці пісьменніка, якія выражаліся ў захапленні Быкавым графікай і жывапісам. Яны ж адлюстраваліся ў літаральна сцэнаграфічным прапісванні аўтарам сваіх тэкстаў, якія лёгка клаліся ў аснову сцэнарыяў.
Сам Васіль Быкаў неадназначна ставіўся да кіно, знятым на аснове яго твораў. Прынамсі напаўжартам-напаўсур'ёзна казаў пра тое, што “60 чалавек маюць права ўмяшацца ў кінапрацэс, нешта забараніць, змяніць, запатрабаваць”.
І ўсё ж фільмы “Альпійская балада”, “Дажыць да світання”, “На чорных лядах”, “Знак бяды”, “Круглянскі мост” здымаліся адзін за другім і сваім фактам існавання ўзвялі Васіля Быкава ў кінаэліту краіны. Адпаведна з’явіўся і балет “Альпійская балада” (муз. Я.Глебава), прэмера якога адбылася акурат 7 ліпеня 1967 года, 52 гады назад.
Разам з непасрэдным кінапраглядам архіўных стужак падчас Купалля на сядзібе Быкава адбудзецца абмеркаванне і абмен успамінамі аб культурнай эпосе часоў Быкава і Глебава разам з сучаснікамі-сябрамі пісьменніка і кампазітара.
Наш ганаровы госць — Ларыса Васільеўна Глебава — удава кампазітара Яўгена Глебава. Па купальскай традыцыі адбудуцца “пасядзелкі” ў сяброўскім коле ля вогнішча, выпяканне амерыканскага зефіру, настойванне травяной гарбаты і пошукі папараць-кветкі.
Музычную частку вечарыны аўтарскімі песнямі ў суправаджэнні гітары і кантрабаса аздобіць лідар гурта “Гарадскі вал” Раман Абрамчук.
Працягласць: з 16-00 да 18-00. Уваход вольны.
Паводле прэс-рэлізу