Легендарны спартсмен Аляксандр Мядзведзь атрымлівае 130 рублёў пенсіі
Легендарны беларускі барэц Аляксандр Мядзведзь сёння адзначае 80-гадовы юбілей. Сярод яго дасягненняў — тры чэмпіёнскія тытулы на Алімпіядах і сем залатых медалёў на чэмпіянатах свету. У інтэрв’ю by.tribuna тытулаваны спартсмен прызнаецца, што цяпер змагаецца са «стомленасцю ад жыцця».
«Сесці на ганку і нічога не рабіць — не ў маёй натуры. Хоць з кіёчкам апошнім часам, але ўвесь час у руху. Прынамсі, рэгулярна ў Стайках, дзе сустракаюся з моладдзю», — сказаў ён.
Пры гэтым Аляксандр Мядзведзь кажа, што калі б меў магчымасць зноў паўтарыць свой шлях у спорце, то ён не стаў бы гэтага рабіць, бо гэты шлях быў занадта складаным. У якасці прыкладу ён прыводзіць свайго сына Аляксея, які таксама займаўся барацьбой і атрымаў тытул чэмпіёна свету, але сышоў са спорту.
Спартовая слава самога Аляксандра Мядзведзя не прынесла яму забяспечаную старасць: ён атрымлівае 130 рублёў пенсіі.
Сёння, дарэчы, адбылася цырымонія ўзнагароджання спартсмена медалём Нацыянальнага алімпійскага камітэту «За выбітныя заслугі».
Паводле «Еўрарадыё»