Лекар БХМД: «У Рамана Бандарэнкі было нуль праміле алкаголю, наогул нічога не знайшлі»

Сёння Следчы камітэт заявіў, што ў загінулага Рамана Бандарэнкі была дыягнаставана «алкагольная інтаксікацыя». Лекары бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і медыцынскія дакументы гэтую інфармацыю абвяргаюць.

_115389533_mediaitem115389532.jpg

— У Рамана было нуль праміле алкаголю, наогул нічога не знайшлі, — каментуе TUT.BY адзін з лекараў БХМД.
Сёння раніцай Следчы камітэт заявіў, што па факце гібелі Рамана Бандарэнка праводзіцца праверка.
«Мінчанін быў агледжаны медыкамі, пасля чаго шпіталізаваны ва ўстанову аховы здароўя, дзе пры першасным аглядзе нароўні з целавымі пашкоджаннямі ў яго дыягнаставана алкагольная інтаксікацыя», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве СК.
У рэдакцыі TUT.BY ёсць дакумент першаснага агляду лекара ў прыёмным аддзяленні. Там у дыягназе акрамя закрытай чарапной мазгавой траўмы, вострых субдуральных гематом, удараў, ранак, пазначана: «Алкагольная інтаксікацыя? Аспірацыйнай пнеўманія?» Гэта медыкам ставіцца пад пытанне.

2_zaklyuchitelnyy_diagnoz_brndarenko_13112020.jpg


— Гэта папярэдні дыягназ. Пацыент паступіў з ванітавым масамі, цяпер ужо зразумела: гэта ад таго, што была гематома ў галаве, — тлумачыць урач. — Але пры першасным аглядзе і без аналізаў цяжка сказаць. Калі чалавек паступае ў сопары або коме, складана сказаць, чаму ён у такім стане. Ці яго білі па галаве, ці ён напіўся і ад гэтага трапіў у кому. Таму алкагольная інтаксікацыя ставіцца пад пытаннем, гэта папярэдні дыягназ. Пакуль мы лічым так, няма ж ніякіх даследаванняў. І толькі пасля ўсіх аналізаў ставіцца дакладны дыягназ. У Рамана ў заключным дыягназе этанолу нуль, ніякага алкагольнага ап'янення не было.

4_zaklyuchitelnyy_diagnoz_brndarenko_13112020.jpg


У рэдакцыі TUT.BY ёсць дакументы, якія пацвярджаюць словы лекара.