«Лекаў засталося на чатыры дні». З-за каронавіруса беларус не можа вярнуцца пасля лячэння ў В'етнаме
«Я прыехаў сюды не на адпачынак, а лячыцца і паспрабаваць на ногі ўстаць», — распавёў хлопец «Свабодзе».
Чатыры гады таму Аляксандр Пазьняк працаваў аграномам і не меў асаблівых праблемаў са здароўем. Аднойчы ён прачнуўся і зразумеў, што не можа стаяць на нагах.
Далей — шпіталізацыя, сутаргі, болі ў назе, апэрацыі, другая група інваліднасці.
«Было адчуванне, што нага жыве асобна ад арганізму», — тлумачыць хлопец. У студзені ён паехаў на лячэнне ў В’етнам і ў сакавіку збіраўся вярнуцца дахаты. Але здарыўся каронавірус, і краіны закрылі межы.
У размове са “Свабодай” хлопец расказвае пра хваробу, лячэнне на радзіме і залежнасць ад наркатычных пластыраў.
«Выйсця няма, акрамя як падсадзіць мяне на наркатычныя абязбольвальныя»
«Я прыехаў сюды не на адпачынак, а лячыцца і паспрабаваць на ногі ўстаць», — не хавае эмоцый хлопец.
Чатыры гады таму яму паставілі дыягназ — «комплексны рэгіянарны болевы сіндром з залучэннем левай нагі, наяўнасцю трывалага болевага сіндрому, аміятрафічнага сіндрому, міеліт». Хлопец ходзіць на правай назе з мыліцай, цярпіць боль у спіне і левай назе, не можа на яе ўстаць.
«Нашы лекары трохі праваронілі момант на пачатку захворвання, гэта дало ўскладненні, — кажа Аляксандар Пазьняк. — Больш за год таму ў Мінску мне зрабілі дзве аперацыі на хрыбетніку ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, але лепш не стала. Пасля другой нават горш. Лекары сказалі, што пакуль няма выйсця, акрамя як падсадзіць мяне на наркатычныя абязбольвальныя».
Пазьняку прапанавалі зрабіць яшчэ адну аперацыю — імплантаваць марфінавую помпу, — але ён адмовіўся. Так Аляксандр ужо год «сядзіць» на наркатычных пластырах, якія, вядома, выклікаюць залежнасць.
«Яшчэ адну аперацыю ў Мінску правесці адмовіліся. Складана і не факт, што дапаможа. Я пачаў збор грошай. Двойчы ездзіў на абследаванне ў Расію. Аналізы, якія мне прызначалі, нятанныя, а некаторыя ў Беларусі не робяць. У мяне не было фінансаў, каб зрабіць іх».
Кошты лячэння ў Ізраілі і Заходняй Еўропе былі для Аляксандра непад’ёмныя. Лекары параілі яму змяніць клімат і паспрабаваць нетрадыцыйную медыцыну. Так малады чалавек апынуўся ў В’етнаме.
«Я прыехаў сюды ў студзені, пажыць трохі і паглядзець на сваё самаадчуванне. Грошай было няшмат. Мануальны тэрапеўт і бальніца, куды я хадзіў на працэдуры па акупунктуры, сказалі, што ў маёй сітуацыі трэба праходзіць курс. І не адзін, а некалькі. А адзін курс доўжыцца ад трох да шасці месяцаў, потым трэба рабіць перапынак. Яны палічылі, што на тры курсы трэба прыкладна тры гады. А гэта грошы немаленькія», — кажа Аляксандар.
«З В’етнама выставілі цэннік $1235»
Мясцовыя лекары, паводле слоў Аляксандра Пазьняка, не абяцаюць яму, што пасля лячэння боль пройдзе.
«Але мы хоць бы можам аднавіць адчувальнасць у назе, — кажа хлопец. — Таму што ў мяне з цягам часу яна наогул знікла. Я не адчуваю ні гарачага, ні халоднага, наступіць на нагу балюча, ужо і пальцамі не магу паварушыць. Боль, магчыма, стане меншы, і не трэба будзе прымаць наркотыкі — хопіць абязбольвальных. Пасля працэдур у В’етнаме мне трошкі лягчэй, але гэта толькі на пару гадзін, а потым усё вяртаецца».
Аляксандр планаваў паляцець дадому 19 сакавіка, набыў квіток на чартэрны рэйс. Але, кажа, у той момант Расея ўжо закрыла межы для замежнікаў.
«У аэрапорце мяне развярнулі. Сказалі, што мой білет ануляваны, што я не грамадзянін Расеі і не магу ляцець», — працягвае Аляксандр і дадае, што грошы за квіток яму не вярнулі, а прапанавалі білет на любы іншы чартэрны рэйс праз тое ж агенцтва.
Потым, кажа Аляксандр, усё-ткі з’явілася магчымасць ляцець транзытам праз Расію, але квіткі былі дарагія. А з красавіка ў В’етнаме ўвялі карантын, перасоўвацца ў іншыя правінцыі забаранілі, спыніўся наземны і авіятранспарт. Больш варыянтаў вярнуцца дадому не было. Потым з’явілася інфармацыя пра эвакуацыю беларусаў з В’етнаму і Тайланду.
«З В’етнаму выставілі цэннік $1235 з адтэрмінаванай аплатай — гэта цана пры поўнай напаўняльнасці самалёта. Гэта вялікія грошы, асабліва для мяне з пенсіяй у 200 рублёў. У выніку амбасада выдаліла навіну пра тое, што будзе эвакуацыя з В’етнаму. Цяпер пра гэты эвакуацыйны рэйс наогул інфармацыі няма. З Тайланду забіраюць дакладна».
«Не наляплю пластыр — боль узмоцніцца настолькі, што не змагу спаць»
У Аляксандра канчаюцца пластыры, якія пазбаўляюць яго ад болю, і грошы. Страхоўка ўжо скончылася, але і яна не пакрыла б ягоны выпадак, бо захворванне хранічнае. А атрымаць наркатычныя пластыры ў В’етнаме нашмат складаней, чым у Беларусі.
«Гэта прэпараты строгай справаздачнасці, патрэбны дазвол шпіталя, таму што за гэта могуць пасадзіць. У Беларусі няма такой жорсткасці. Я ўжо лаяўся з амбасадай, яны адмаўляліся дапамагаць. Я прачытаў Канстытуцыю, знайшоў пункт, што яны абавязаныя абараняць грамадзян. Толькі пасля гэтага яны пачалі варушыцца, напісалі паперу ў шпіталь. Але ў шпіталі пра яе нічога не ведалі».
Пераадолеўшы яшчэ некалькі бюракратычных перашкод, Аляксандр атрымаў чарговую паперу ад амбасады для шпіталя з просьбай аказаць яму дапамогу. Але ў шпіталь яшчэ не ездзіў.
«Я адчуў на сабе, што такое „ломка“. Гэта жудасна, нікому не пажадаю. У мяне застаўся адзін пластыр, па сутнасці, 4 дні ў запасе. І ўсё. Калі не наляплю пластыр, боль узмоцніцца настолькі, што не змагу спаць наогул, у мяне будуць выкручвацца рукі — нешта кшталту „ломкі“ ў наркаманаў. Я спрабаваў хадзіць без яго, але не вытрымаў і паўдня. Гэта тое ж самае, што вам будуць рабіць аперацыю без наркозу».
Цяпер Аляксандр шукае грашовай дапамогі, каб працягваць лекаванне і набыць квіток у Беларусь. Вярнуцца дадому самастойна ён не можа.