Лідарку Моладзі БНФ афіцыйна адлічылі з БДУ

Кіраўніцу Моладзі БНФ Ганну Пахолка (Смілевіч) афіцыйна адлічылі з другога курсу Інстытута журналістыкі БДУ. Пра гэта дзяўчына даведалася сёння, зайшоўшы ў асабісты кабінет на сайце ўніверсітэта.

Фота Аляксандры Сергеевіч

Фота Аляксандры Сергеевіч

Інфармацыя пра тое, што Ганну адлічылі з журфака БДУ, з'явілася яшчэ 20 студзеня, калі яна не здала трэці запар іспыт. Але афіцыйнага загаду дэкана не было, і дзяўчына да 2 лютага лічылася студэнткай БДУ.
Дзяўчына некалькі разоў тэлефанавала ў дэканат. А на днях з'ехала ў Вільню, тэлефанаваць адтуль не магла, таму праз інтэрнэт зайшла ў асабісты кабінет на сайце універсітэта і ўбачыла, што яна адлічаная.

Фота прадстаўлена Ганнай Смілевіч

Фота прадстаўлена Ганнай Смілевіч


У БНФ Ганна прыйшла толькі вясной мінулага года, а ў снежні яе выбралі лідарам моладзевага крыла партыі. Дзяўчына кажа, што да сесіі рыхтавалася, «як усе студэнты», таму лічыць, што на адлічэнне паўплывала яе палітычная актыўнасць.
— Я была падрыхтавана на нармальным узроўні. Не на ідэальным, гэтага я не адмаўляю, але як і ўсе студэнты, — распавяла TUT.BY Ганна. — Я лічу, што мая палітычная актыўнасць мелу на гэта ўплыў, бо іншым людзям такога ж узроўню ведаў і нават горш ставілі здачу іспыту. Акрамя таго, я ведаю, як людзей не адлічвалі ня толькі з трыма пераздачамі, як у мяне, але і нават з чатырма. Плюс усе гэтыя размовы пра КДБ — гэта не проста так: калі я прыйшла атрымоўваць залік па фізічнай культуры, мне вельмі моцна не жадалі яго ставіць. Выкладчык распавёў, што ды яго прыходзілі яго «сябры з Камітэта дзяржаўнай бяспекі», цікавіліся мной. Пытаў, ці ня з'яўляюся я кіраўніком нейкай апазіцыйнай моладзевай структуры, пра маё стаўленне да БНФ, БРСМ, Камуністычнай Партыі, ды апазіцыі наогул.


Дэкан Інстытута журналістыкі БДУ Сяргей Дубовік пацвердзіў, што Ганна Пахолка афіцыйна адлічаная з універсітэта.
— Загад падпісаны ўчора. Калі вы чыталі каментары ў інтэрнэце, то нават яе аднагрупнікі пісалі, што яна дрэнна адказвала на іспытах, — кажа Сяргей Дубовік. — Паводле Кодэкса аб адукацыі, калі студэнт не здаў тры і больш экзаменаў, то ён адлічваецца і можа аднавіцца ў наступным годзе. Калі б яна не здала два іспыты, у зімовыя вакацыі магла б іх пераздаць.
Лідарка Моладзі БНФ пакуль не вырашыла, ці будзе аднаўляцца на журфаку ці паступіць у іншы універсітэт.
— За мяжу ехаць ня збіраюся. Зараз буду займацца справамі моладзі БНФ. Раз ужо з'явіўся час і магчымасці, — кажа Ганна.
Паводле tut.by