Лік намінантаў на "Оскар" задумалі павялічыць з-за расавага скандалу

Амерыканская кінаакадэмія плануе павялічыць колькасць намінацый на “Оскар” у катэгорыі “Лепшы фільм” з васьмі да дзесяці прэтэндэнтаў, паведамляе The Los Angeles Times. На рэформы членаў акадэміі падштурхнуў скандал, выкліканы тым, што сярод намінантаў 2016 года ў акцёрскіх і рэжысёрскай секцыях не аказалася ніводнага афраамерыканца.



51ae7afad6f41.jpg

Разглядаецца таксама пытанне аб пашырэнні колькасці намінантаў у іншых катэгорыях. Акрамя таго, акадэмія мае намер перагледзець спосаб падліку галасоў пры вызначэнні оскараўскіх пераможцаў. Як тлумачаць эксперты, усё гэта робіцца для дасягнення разнастайнасці сярод прэтэндэнтаў на ўзнагароду, а таксама для больш аб'ектыўнага судзейства.

Канчатковыя рашэнні пакуль не прынятыя.

Як адзначае выданне, у цяперашні час у акадэміі больш за шэсць тысяч членаў. З іх 94 працэнты — белыя.

Скандал вакол “Оскара” разгарэўся адразу пасля абвяшчэння намінантаў 2016 года, калі некалькі цемнаскурых дзеячаў кіно, у тым ліку жонка Уіла Сміта, звярнулі ўвагу на адсутнасць афраамерыканцаў сярод прэтэндэнтаў на прэмію. Джада Пінкет-Сміт абвясціла “Оскару” байкот, пазней да яе далучыўся і муж.

Прэзідэнт Амерыканскай кінаакадэміі Шэрыл Бун Айзэкс паабяцала правесці кардынальныя рэформы, якія, верагодна, расцягнуцца на пяць гадоў.

Журы “Оскара” вінавацяць у расавай дыскрымінацыі другі год запар. У 2015-м у пяці намінацыях таксама не было чарнаскурых прэтэндэнтаў, аднак яны, у прыватнасці Опра Уінфры, Люпіта Ніонга, Зоі Салдана, Эдзі Мэрфі і Чыветэл Эджыёфар, удзельнічалі ў самой цырымоніі, уручаючы ўзнагароды.

Паводле: Утро.ua