Літоўскія памежнікі перахапілі дрон і плыт з беларускімі цыгарэтамі
У ноч на панядзелак літоўскія памежнікі ў Шальчынінкайскім раёне пачулі гукі квадракоптара. Апарат выявілі з дапамогай прыбора начнога бачання. Памежнікі перахапілі кантроль над дронам і пасадзілі яго. Як аказалася, квадракоптар перавозіў 300 пачкаў беларускіх цыгарэт.
Кошт грузу
ацанілі ў 900 еўра. Дрон DJI Matrice 600 Pro, які выкарыстоўвалі
кантрабандысты, каштуе 5,6 тысяч еўра ў афіцыйных дыстрыб'ютараў.
На тэрыторыі Літвы аператара дрона не знайшлі. Пра інцыдэнт паведамілі ВПС Літвы і беларускаму боку, паведамляе Служба аховы дзяржмяжы Літвы.
Яшчэ адну партыю цыгарэт знайшлі ў пятніцу, 5 сакавіка. У Віленскім раёне памежнікі затрымалі траіх мясцовых жыхароў з 3 тысячамі пачкаў беларускіх цыгарэт. Яшчэ паўтары тысячы пачкаў вылавілі з Віліі. Чатыры пакеты з цыгарэтамі адправілі ў Літву з боку Беларусі, замаскіраваўшы пад крыгу. У адным пакеце знаходзіўся GPS-трэкер, каб палегчыць пошук грузу.
Паводле reform.by.