Літва пераходзіць на еўра

Парламент Літвы прыняў сёння закон аб увядзенні еўра. У дакуменце агаворваюцца механізмы замены нацыянальнай грашовай адзінкі (літа) на агульнаеўрапейскую валюту. Літва ўвядзе еўра напачатку 2015 года.



top2.jpg

«Рашэнне аб прыёме Літвы ў фінансавую еўразону будзе прынята Еўракамісіяй у пачатку чэрвеня. Нашы эканамічныя паказчыкі практычна гарантуюць станоўчы вердыкт», — адзначыў міністр фінансаў Літвы Рымантас Шаджус.

Абмен наяўных літаў на еўра будзе ажыццяўляцца Банкам Літвы (цэнтрабанк краіны) бясплатна без абмежавання па суме і часе. Камерцыйныя банкі на тых жа ўмовах будуць ажыццяўляць абмен на працягу паўгода, а на працягу 60 каляндарных дзён грошы абмяняць можна будзе таксама ў аддзяленнях сувязі дзяржпрадпрыемства «Пошта Літвы».

Паралельная цыркуляцыя літа і еўра плануецца да 15 студзеня 2015 года. Пры разліку нацыянальная валюта будзе збірацца і выключацца з абароту, рэшту ў крамах людзі будуць атрымліваць у еўра.

Курс абмену, як спадзяецца ўрад, будзе зацверджаны ў сённяшняй прапорцыі. У цяперашні час літ прывязаны да еўра. Афіцыйны фіксаваны курс складае 3,4528 літа за адзін еўра.

Паводле АФН.