Літва пераходзіць на еўра. Рашэнне прынятае
Літва можа ўвесці еўра са студзеня 2015 года. Такое рашэнне сёння, 23 ліпеня, абвясціў на пасяджэнні ў Бруселі Савет па агульных справах Еўрасаюза.

Савет таксама прыняў прававыя акты, звязаныя з увядзеннем еўра ў Літве і зацвердзіў афіцыйны
курс абмену еўра і літа (1 еўра — 3,4528
літа).
Ўвядзенне еўра ў Літве на мінулым тыдні ўжо
ўхваліў Еўрапарламент, а раней — Еўракамісія і
Еўрапейскі Цэнтрабанк. У наступным годзе Літва стане
дзевятнаццатым сябрам еўразоны і апошняй з трох Балтыйскіх краін, якая ўвядзе еўра. (Эстонія ўвяла еўра ў 2011 годзе, Латвія — у
2014-м).
Па апытаннях Еўрабарометра, ўвядзенне еўра ў Літве ў красавіку ўхвалялі 46% жыхароў краіны, колькасць тых, хто выступаў супраць склала 48%, а яшчэ ў 6% апытаных не было думкі.
Праз 30 дзён з моманту сённяшняга рашэння ўсе кошты ў Літве павінны будуць паказвацца ў двух
валютах, і гэта будзе працягвацца да сярэдзіны 2015
года.
У Літве плануецца прыняць меры,
каб сачыць за тым, ці справядліва цэны на тавары і паслугі пералічваюцца ў еўра. Дэпартамент статыстыкі ўжо абвясціў, за цэнамі на якія 100 тавараў і паслуг
будзе назіраць, а ў дачыненні да бізнесу, які
несправядліва пералічвае кошты, будуць прымяняцца санкцыі, адна з іх — грашовыя штрафы.
Цэнтрабанк Літвы падлічыў, што ўвядзенне еўра ў краіне павысіць цэны на 0,2–0,3%.