Любоў Кавалёва звярнулася да генпракурора са скаргай на парушэнне Вярхоўным судом КПК
Маці Уладзіслава Кавалёва, пакаранага за саўдзел у тэрарызме, 8 лістапада накіравала генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку скаргу на дзеянні Вярхоўнага суда (ВС), які парушыў, на яе думку,
Крымінальна-працэсуальны кодэкс.
Як паведаміла БелаПАН Любоў Кавалёва, 30 кастрычніка яна атрымала адказ на пададзеную 29 верасня сумесна з адвакатам Станіславам Абразеем наглядную скаргу на прыгавор ВС ад 30 лістапада 2011 года ў дачыненні да яе сына. У адказе за подпісам выканаўцы абавязкаў намесніка старшыні ВС Кашко гаворыцца, што скарга знаходзіцца на разглядзе і ў сувязі з неабходнасцю дадатковага вывучэння матэрыялаў справы тэрмін яе разгляду працягнуты.
У скарзе генпракурору Кавалёва ўказвае, што разгляд нагляднай скаргі, згодна з КПК, павінен доўжыцца не больш як месяц.
"Я не згодная з рашэннем Вярхоўнага суда. Усё папярэдняе следства праведзена са шматлікімі парушэннямі КПК, падтасоўкамі фактаў і фабрыкацыяй крымінальнай справы. Суд праходзіў таксама з
парушэннямі КПК, аднабакова ацэньваючы наяўныя доказы. Прысуд прыведзены ў выкананне. У мяне няма сына, а Вярхоўны суд працягвае бязмежжа, ігнаруючы беларускае заканадаўства", —
напісала Кавалёва генпракурору.
Яна просіць ініцыяваць праверку па фактах фабрыкацыі матэрыялаў крымінальнай справы і правесці праверку адносна парушэнняў тэрміну адказу на наглядную скаргу.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН