Лябедзька: Калі б спецслужбы паставілі праслухоўванне ў кожнай кватэры, то асудзілі б за абразу ўладаў 80% беларусаў

Толькі паводле звестак праваабаронцаў на 20 студзеня гэтага года, па арт. 367 КК РБ — паклёп у дачыненні да прэзідэнта — асуджаныя 119 чалавек, нагадвае «Салідарнасць».

partyzanski_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__31__logo_1_1.jpg

Анатоль Лябедзька, які сам стаў фігурантам крымінальнай справы па гэтым жа артыкуле, адзначыў, што якраз артыкул 367 КК называюць «народным», і звярнуў увагу на адну істотную нестыкоўку.

— Даныя праваабаронцаў, напэўна, няпоўныя. Але нават і ў гэтую лічбу вы толькі ўдумайцеся — 119 чалавек абразілі кіраўніка дзяржавы, напалі на яго гонар і годнасць! — адзначыў палітык. — І гэта ў краіне, дзе кіраўнік мае фантастычную падтрымку, паводле версіі беларускай прапаганды.

Але мы бачым якраз усё з дакладнасцю да наадварот. Скажу больш, калі б у спецслужбаў былі тэхнічныя магчымасці паставіць праслухоўванне ў кожнай кватэры, то па этапе можна было б смела адпраўляць 80% грамадзян РБ.

Таму што ў нас няма ні Чорнага мора, ні Паўночнага мора, але ёсць мора незадаволенасці ўсім, што робіць або не робіць улада. На любой кухні, у любой курылцы людзі абмяркоўваюць гэта — і абавязкова з моцнымі слоўцамі.