Супрацоўніка тэатра лялек пакаралі хіміяй за абразу беларускага кіраўніка ў «ЦікТоку»

Манціроўшчыку Брэсцкага тэатра лялек прысудзілі 2,5 гады «хіміі» за абвінавачванне Лукашэнкі ў цяжкім злачынстве — забойстве

sud_prysud.jpg

 Праваабаронцам сталі вядомыя вынікі судовага пасяджэння па справе Андрэя Шчыгеля, якога абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 368 КК РБ  — «Абраза кіраўніка дзяржавы». Суд Маскоўскага раёна Брэста разгледзеў яго справу 31 студзеня.

Судовае пасяджэнне ўзначальвала суддзя Таццяна Лаўранюк. Яна ж неаднаразова разглядала справы фігурантаў «карагоднай» справы ў Брэсце.

Пра абвінавачанага вядома, што яму 50 гадоў і што ён працуе манціроўшчыкам сцэны ў Брэсцкім тэатры лялек. На працы яго характарызуюць толькі са станоўчага боку. Маці мужчыны мае інваліднасць 2-й групы.

Аляксандра Шчыгеля абвінавачваюць у тым, што з 10 жніўня 2020 года па 30 кастрычніка 2021 года ў «ЦікТоку» ён запісаў зварот, у якім вінаваціў Лукашэнку ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства, прадугледжанага арт. 139 КК РБ «Забойства», і выставіў гэтае відэа ў адкрыты доступ для ўсіх сваіх падпісчыкаў, а іх, як было агучана падчас судовага пасяджэння, больш за тысячу. Тэкст звароту, пра які ідзе гаворка, падчас судовага разгляду не быў агучаны. Таксама ў віну Аляксандру ставяць тое, што ў той жа перыяд і ў тым жа акаўнце ён выклаў яшчэ адзін відэазварот, у якім, згодна з версіяй лінгвістычнай экспертызы, утрымліваліся абразы і ненарматыўная лексіка, накіраваныя ў адрас Лукашэнкі. На судзе іх таксама не зачыталі.

Агулам у пратаколе налічвалася 63 відэа са старонкі Аляксандра Шчыгеля ў «ЦікТоку».

На думку дзяржабвінаваўцы, зыходзячы з прызнання віны самім абвінавачаным, пісьмовых доказаў, атрыманых следствам, пратаколаў агляду сацсетак, тэлефона і відэа, віна Шчыгеля цалкам даказаная. Змякчальнай акалічнасцю пракурор прызнаў чыстасардэчнае раскаянне абвінавачанага ў зробленым злачынстве.

Падчас свайго апошняга слова Аляксандр Шчыгель папрасіў суд прабачыць за зробленае іне караць строга і паабяцаў надалей падобнага не здзяйсняць.

Суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў Аляксандра Шчыгеля вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 368 КК РБ «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і цалкам падтрымаў бок дзяржабвінавачання, прызначыўшы два з паловай гады «хіміі».