Лябедзька ў «Салодкім фальварку» выявіў «жучок» у сурвэтніцы
Статкевіч, Лябедзька і Някляеў у часе сустрэчы ў «Салодкім фальварку» на плошчы Перамогі выявілі «жучок» у сурвэтніцы, паведамляе nn.by.
«Сёння дамовіліся аб сустрэчы з Уладзімірам Някляевым і Мікалаем Статкевічам. Па тэлефоне. «На старым месцы», без абазначэння каардынатаў і назвы. Прыйшоў за 10 хвілін да сустрэчы. Толькі сеў — зазірнуў бармэн, і тут жа з'явілася афіцыянтка, узяла са стала сурвэтніцу і замяніла на іншую. Звярнуў увагу, што яны адрозніваюцца. Пачаў круціць у руках і раптам ніжняя частка пайшла па нябачнай разьбе. А там… вось гэта самая падслухоўваючая прылада. Добры дзень, тав. генерал. Так, прэзідэнцкая кампанія ўсё яшчэ працягваецца! Неяк дзіўна вядуць сябе апрычнікі чалавека, за якога нібыта прагаласавала больш за 80% выбаршчыкаў», — іранізуе Анатоль Лябедзька ў сябе ў фэйсбуку.
Да апісання Лябедзька прыклаў фота «прылады».
Сустрэча трох лідараў руху за грамадзянскія правы адбывалася ў кавярні «Салодкі фальварак» на плошчы Перамогі, — расказаў «Нашай Ніве» Мікалай Статкевіч. Гэтая кавярня належыць кампаніі «Трайпл» Юрыя Чыжа.
У дадзенай кавярні ў Статкевіча была прызначана і яшчэ адна сустрэча. Падчас яе Статкевічу сурвэтніцу больш не мянялі, проста за суседні столкі падсеў чалавек з куфлем піва, які, аднак, да піва не дакрануўся.
У кавярні «Салодкі фальварак» «Нашай Ніве» штосьці каментаваць адмовіліся.
Зміцер Панкавец, Улад Швядовіч, nn.by