Людміла Самусенка: Кожны дзень уяўляю, як сустракаю сыноў на ганку «Валадаркі»

Сёння ў Мінску палітвязням Аляксею і Кіму Самусенка, прысудзілі 4 і 6,5 гадоў калоніі. Нягледзячы на закрыты працэс, іх маці Людміла Самусенка штодня прыязджала ў суд.

Людміла Самусенка, фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Людміла Самусенка, фота Дзмітрыя Дзмітрыева

— Апраўдальнага прысуду я не чакала, — дзеліцца маці палітвязняў. — Хлопцы вельмі годна прынялі яго, трымаліся вельмі добра. Нас прыйшло падтрымаць шмат людзей — сябры, знаёмыя, незнаёмыя, было чалавек пад 40. Калі хлопцаў выводзілі з залы, гучалі апладысменты. Гэта адзінае, што мы маглі зрабіць, і мы рабілі гэта гучна.

Людміла Самусенка зазначыла, што сыны выглядаюць стомленымі фізічна, але ўнутры яны засталіся такімі ж, якімі былі. Пасля абвяшчэння прысудаў жанчына яшчэ не паспела даць рады эмоцыям. Яна прызнаецца, што насамрэч чакала горшага выраку, таму пакуль трохі разгубленая.



Працэс над Кімам і Аляксеем Самусенкамі, а таксама Паўлам Драздом і Іванам Андрушойцем быў закрыты, але спадарыня Людміла ўсё роўна кожны дзень прыязджала ў суд Заводскага раёна, каб хоць на колькі хвілін убачыць сыноў, якіх праводзілі ў залу праз фае.
— У нас насамрэч шыкоўныя сябры. Кожны дзень нехта прыходзіў, каб падтрымаць хлапцоў, я была не адна. Каб не іх падтрымка, было б шматкроць цяжэй, — гаворыць жанчына.
Кім і Аляксей знаходзяцца за кратамі з лістапада 2020 года, судзіць іх пачалі больш чым праз год зняволення. Але ўсё гэта, як і сённяшні прысуд, не дэмаралізавала хлопцаў ды іх родных, а наадварот, надала сіл, каб ісці наперад.
— Я буду далей змагацца за сваіх сыноў і іх сяброў, — гаворыць спадарыня Людміла. — Я не ведаю, чаму, але кожны дзень а 21:11 я ў думках уяўляю, як сустракаю сваіх сыноў на ганку «Валадаркі». Я ведаю, што гэта будзе сонечны ранак, гадзін 11. Пакуль што я «сустракаю» іх у думках, але я ведаю, што сустрэну іх і насамрэч.
Спадарыня Людміла запрашае ўсіх далучацца і штодня ў думках «сустракаць» палітвязняў, якія выходзяць з-за кратаў.
А пакуль маці палітвязняў рыхтуецца да спаткання з сынамі і апеляцыі на агучаны сёння прысуд.
Нагадаем, заснавальніка і сябра Рады грамадскага руху «Дзея» Кіма Самусенку затрымалі 3 лістапада 2020 года па падазрэнні ва ўзломе камп'ютарнай сістэмы Мінгарвыканкама і дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, у Мінску з 9 жніўня. Пасля жорсткага ператрусу, які суправаджаўся стрэламі ў доме і прымяненнем фізічнай сілы, сілавікі забралі ўсю тэхніку Кіма і яго жонкі, зарэгістраваную паляўнічую зброю, грошы, БЧБ-сцяг, сцяг Украіны, украінскі пашпарт жонкі і іншае. Праз два дні быў затрыманы і брат Кіма Аляксей Самусенка. Ён эканаміст, працаваў у сетцы фірмаў, якія займаюцца вырабамі з пластыка.
Суд па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 1 арт. 350 (мадыфікацыя камп'ютарнай інфармацыі), арт. 352 (неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй), ч. 1 арт. 354 (выкарыстанне шкоднасных камп'ютарных праграм), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 341 (псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах), ч.1 арт. 13, ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) — цягнуўся два месяцы ў закрытым рэжыме.
У выніку суддзя Жанна Хвайніцкая прысудзіла Кіму Самусенку 6 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі, а Аляксею Самусенку 4 гады пазбаўлення волі. Таксама па гэтай справе асуджаныя палітвязні Павел Дрозд і Іван Андрушойць, кожнаму з іх прысудзілі па 3 гады і 6 месяцаў калоніі.
Падтрымаць палітвязняў можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Кім Андрэевіч Самусенка, Аляксей Андрэевіч Самусенка, Павел Міхайлавіч Дрозд, Іван Аляксандравіч Андрушойць).