Лукашэнка мае намер скасаваць ў Беларусі ваенныя суды

Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 лістапада на нарадзе па пытанні ўдасканалення дзейнасці судоў і органаў юстыцыі, што неабходна скасаваць у краіне ваенныя суды і перадаць справы з іх ведамства ў кампетэнцыю судоў агульнай юрысдыкцыі.



dc4owb_w465h262.jpg

Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. Паводле яго слоў, у дзяржаве ствараюцца нейкія асаблівыя структуры для людзей у пагонах, "груба кажучы, дзяржава ў дзяржаве". "Суд ёсць суд, ён для ўсіх аднолькавы. Ну і што, што яны ў пагонах, яны такія ж грамадзяне", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка заявіў, што ён катэгарычна супраць рашэнняў напалову, і калі вырашана стварыць адзіную сістэму правасуддзя ў краіне, значыць, трэба яе ствараць. "Але адназначна, каб дзесьці не заставалася хвастоў", — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што яму каштавала немалых намаганняў, каб засцерагчы ад тэлефоннага права судзейскі корпус. Ні адзін чалавек не скажа, што ў Беларусі існуе тэлефоннае права, мяркуе Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ўсё павінна быць сумленна: ніхто не можа даць указанне суддзі, ніхто не можа ціснуць на суддзю. "Усё павінна быць незалежна. Суддзя судзіць толькі па законе", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

"Мы — слугі народа. Я ў каторы раз гэта паўтараю. Мы павінны служыць народу, і я як прэзідэнт, і вы — тыя, каго я прызначаю", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала адзначыў, што судзейскі корпус адчувае поўную незалежнасць.

Як паведамляў Тэлеграф, у Беларусі рэфармаванне судовай сістэмы не павінна выклікаць росту колькасці работнікаў або дадатковых выдаткаў з бюджэту, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

telegraf.by