Лукашэнка хоча забараніць бел-чырвона-белы сцяг?
Магчыма, менавіта гэты намер хаваецца за новым законам, які рыхтуе парламент.
Аляксандр Лукашэнка анансаваў законапраект «аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму», паведамляе «Пул Першага». Пра гэта ішла размова на цырымоніі ўручэння даверчых грамат, калі ён звяртаўся да пасла Ізраіля.
«У бліжэйшы час наш парламент разгледзіць законапраект аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму ў Беларусі. Гераізацыяй, так званай, сёння грашаць вельмі многія краіны. Асабліва, размешчаныя побач з намі. А дарма», — сказаў Лукашэнка.
Новы закон «пра недапушчальнасць гераізацыі нацызму» патрэбны Лукашэнку, каб забараніць БЧБ-сцяг, — мяркуе «Еўрарадыё». — 24 лістапада Лукашэнка анансаваў новы законапраект — «пра недапушчальнасць гераізацыі нацызму». Але ў Беларусі ўжо ёсць закон «Аб супрацьдзеянні экстрымізму», артыкул 14-1 якога — «Супрацьдзеянне рэабілітацыі нацызму». Навошта яшчэ адзін закон?
Наўрад ці справа проста ў словах «гераізацыя» і «рэабілітацыя». Гераізацыя нацызму — прыватны выпадак рэабілітацыі нацызму. То бок, новы закон не будзе ахопліваць нейкіх новых сітуацый, якія не прадугледжаныя ужо дзеючым заканадаўствам.
Справа можа быць у тым, што паводле азначэння прыведзенага ў законе «Аб супрацьдзеянні экстрымізму», нацысцкай сімволікай не з'яўляецца БЧБ-сцяг. У законе пра «гераізацыю» БЧБ-сцяг можа быць згаданы наўпрост, і за яго ўжыванне можа быць прадугледжаная крымінальная адказнасць.