Прыхільніка Лукашэнкі, што забіў рабочага «Беларуськалія», асудзілі на 10 гадоў калоніі
Салігорскі суд прызнаў 67-гадовага ахоўніка Салігорскага КДБ Леаніда Штайду вінаватым у забойстве 50-гадовага супрацоўніка «Беларуськалія» Генадзя Кісяля. Штайда прысуджаны да 10 гадоў калоніі строгага рэжыму.
Суд абавязаў спагнаць з абвінавачанага на карысць жонкі і дзяцей пацярпелага кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 150 000 рублёў і матэрыяльнай шкоды ў памеры 3 802 рубля 89 капеек, піша REFORM.by.
Забойства адбылося 12 жніўня гэтага года каля 19:00 каля будынка мясцовага КДБ. Сын забітага, Аляксей Кісель, казаў, што ў бацькі і абвінавачанага быў канфлікт у Інтэрнэце. Пра гэта ён даведаўся пасля смерці бацькі, прачытаўшы яго перапіску ў «Аднакласніках». Штайда падтрымліваў дзейную ўладу, а ў Кісяля было іншае меркаванне.
Да 12 жніўня Штайда і Кісель не сустракаліся асабіста. У той вечар Кісель вяртаўся з дачы і паехаў міма КДБ, бо некаторыя вуліцы былі перакрытыя праз пратэсты. Штайда ў той вечар вырашыў заехаць на працу, каб аддаць калегу нажніцы. Штайда сцвярджаў, што Кісель напаў на яго, а ён, спрабуючы абараніцца, нанёс Кісялю ўдар нажніцамі. Бойка, якая доўжылася каля хвіліны, трапіла на камеры відэаназірання, але самога ўдару не было відаць. Аднак шэраг экспертыз і следчы эксперымент не пацвердзілі версію Штайды аб самаабароне.
Дзяржабвінаваўца запытваў для Штайды 7,5 гадоў пазбаўлення волі.