Маці-адзіночцы з Івацэвічаў пагражае 3 гады хіміі — за смайлікі з гаўняшкай

Маці-адзіночка з Івацэвічаў стала фігуранткай крымінальнай справы аб абразе міліцыянта. Прычына — эмоджы з выявай вясёлай гаўняшкі, піша «Наша Ніва».

57691d060a7b115572995f9b.png

Вользе 33 гады. Жыве з малой дачкой і мамай у Івацэвічах.

У адным з тэлеграм-каналаў хтосьці апублікаваў інфармацыю пра супрацоўніка Івацэвіцкага РУУС. У каментарах выказалася і Вольга. Яна напісала «Знаёмая морда. Чалавек — ***». Толькі замест зорачак у яе каменце былі тры эмоджы з гаўняшкай.

«У канцы лістапада я пакінула той камент. 16 снежня раніцай званок у дзверы. Мама адчыніла, увайшлі двое: адзін у цывільным, другі ў форме. Адзін — мясцовы ўчастковы, другі — з Брэста. Пачалі мяне апытваць. Я кажу: "Так, падпісаная на тэлеграм-канал. Каментар пакідала", — расказвае Вольга. — Пераапранулася, паехалі ў РАУС. Яшчэ па дарозе ім сказала: "Выбачацца на камеру я не буду, калі шукаеце чарговую лахушку, каб паказаць па тэлебачанні, то не на тую натрапілі".

Пакуль я была ў РАУСе, у мяне дома правялі вобшук. У міліцыі мне трохі пагражалі, казалі, што адвязуць у СІЗА. Я кажу: "Ну, то вязіце, трэба будзе — пасяджу". У выніку забралі тэлефон.

Прадаставілі мне адвакатку, але яна мяне больш запалохвала, чым тыя міліцыянты. Адвакатка казала: "А што ж ты такое зрабіла, міліцыянты такія добрыя", — і далей у такім стылі. Кажа: "Скажы "дзякуй", што цябе па БТ не паказалі; а зараз яшчэ і дзіця тваё могуць адабраць…"

І адвакатка, і адзін са следчых мне казалі: "Вось ты не працуеш, а ўсім бясплатна карыстаешся!" Мяне зачапіла, я адказваю: "Бясплатна? У мяне дзіця ў садок ходзіць — мы там амаль за ўсё плацім! То адно ім купі, до другое! Ці медыцына ў нас бясплатная?"

Ну, і цяпер я пад падпіскай аб нявыездзе і падазраваная па артыкуле 369».

Гэты артыкул — «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў». Пакаранне да 3 гадоў абмежавання волі. Вольгу як маці непаўналетняга дзіцяці, найхутчэй, могуць аштрафаваць ці адправіць на «хатнюю хімію».

Пакуль што абвінавачанне жанчыне не выставілі.

«Цяпер трэба знайсці сталую працу, бо могуць пачацца праблемы, яшчэ паспрабуюць дачку адабраць», — кажа Вольга.

Але ж яна запэўнівае, што шкадавання няма.

«Не шкадую ні пра што. Прасіць прабачэння не буду. Калі нейкі чалавек гаўно, я яму і ў вочы магу гэта сказаць», — кажа яна.