Маці палітвязня Арцёма Касакоўскага: «Цяпер пераканалася, што выхавала сына правільна»
Па стане на 22 кастрычніка ў Беларусі налічваецца 102 палітвязні. "Вясна" працягвае распавядаць пра людзей, якія крымінальна пераследуюцца ў нашай краіне па палітычных матывах. 22-гадовага Арцёма Касакоўскага затрымалі 27 верасня, яму прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Мама Арцёма Святлана Мікалаеўна распавяла "Вясне", як пераканалася, што выхавала сына правільна.
«У яго абвостранае пачуццё справядлівасці»
Арцём Касакоўскі — оптык на адным з Лідскіх заводаў. Скончыў фізіка-матэматычны ліцэй у Гродне, паўгода правучыўся на факультэце радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ, але забраў дакументы: сказаў, што расчараваўся, і гэта зусім не яго. Паступіў у каледж у Лідзе, пасля чаго стаў працаваць оптыкам па спецыяльнасці.
«Ён усюды зарэкамендаваў сябе добра, — распавядае мама Арцёма Святлана Мікалаеўна. — У Лідскім каледжы быў прафоргам, вучыўся на павышаную стыпендыю. На заводзе яго хацелі зрабіць майстрам або тэхнолагам. Цяпер падтрымаць мяне тэлефануюць і былыя аднакласнікі і аднагрупнікі, і цяперашнія калегі Арцёма: просяць звяртацца, калі патрэбна дапамога. Мы з сынам вельмі ўдзячныя ўсім за такую салідарнасць».
Святлана Мікалаеўна ўспамінае, што ў Арцёма заўсёды было абвостранае пачуццё справядлівасці — яна сама вучыла іх з малодшым братам умець адстойваць сваё меркаванне.
«Такі вось ён і атрымаўся, — усміхаецца яна. — Яшчэ з дзіцячага садка абараняў дзяўчынак, сам ніколі нікога не крыўдзіў. Ён сумленны хлопец, і цяпер я пераканалася, што выхавала сына правільна».
Арцём займаецца боксам, з дзяцінства вельмі любіць чытаць. Нават цяпер просіць перадаваць яму кнігі, але гэтыя радкі ў лістах падкрэсліваюць чырвоным — забаронена. Кажа, у турэмнай бібліятэцы альбо тое, што ён ужо чытаў, альбо глупства.
«Пакуль не знайшла відэа ў сацсетках, не ведала, што з Арцёмам»
Арцёма затрымалі 27 верасня на адным з нядзельных маршаў у Менску: ён спрабаваў абараніць ад АМАПу тых, каго затрымлівалі. Пры затрыманні ў заплечніку хлопца знайшлі шыпы, потым знайшлося відэа з аналагічнай сітуацыяй, у якой Арцём адбіваў затрыманых — толькі з Ліды. Так маладога чалавека абвінавацілі па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).
«Цяпер там вельмі заблытаная гісторыя, — кажа Святлана Мікалаеўна. — Пастаянна мяняюцца следчыя, па затрыманні ў Менску хочуць далучыць відэа з Ліды... Мы пішам скаргі і хадайніцтвы, у тым ліку, каб яму хаця б змянілі меру стрымання, але пакуль вынікаў няма”.
Мама Арцёма успамінае, што даведалася аб тым, што здарылася з сынам, па відэа ў сацыяльных сетках. Усю ноч яна безвынікова шукала яго, а ў пяць раніцы натыкнулася на відэа ў Instagram.
«Спачатку прагартала, а потым ёкнула сэрца, — кажа яна. — Крыху пазней і брат знайшоў яго ў спісах затрыманых».
«Выйду ўжо ў новую краіну»
Спачатку Арцёма трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, потым перавялі на Валадарку. Там ён сядзеў разам з журналістамі: Святлана Мікалаеўна ўсміхаецца і кажа, што ў сына ўсюды добрая кампанія.
“Адвакат казаў, што яны пасябравалі, яны ўсяму яго вучылі, — кажа яна. — І цяпер у Жодзіна з ім таксама прыемныя людзі. Адзін з іх, дарэчы, ужо выйшаў і цяпер хвалюецца за яго: ездзіў з намі ў Жодзіна афармляць перадачу і ўвесь час просіць казаць, калі будзе нешта трэба”.
Першы час пасля затрымання Арцём не кантактаваў нават з адвакатам. Тады мама папрасіла перадаць яму, каб ён не перажываў і што яна яго падтрымлівае. У гэты момант ён заплакаў.
«Ён сказаў, што больш за ўсё баяўся, што яго не падтрымае мама, — кажа Святлана Мікалаеўна. — Пасля маіх слоў павесялеў, пайшоў на кантакт. Учора атрымала два першыя лісты ад яго, у кожным ён просіць мяне не хвалявацца. Верыць, што ўсё было не дарма і што ён выйдзе ўжо ў новую Беларусь. Але свае эмоцыі не паказвае — баіцца знерваваць мяне. Але я ведаю, што ён моцны і вытрымае. Усё роўна мы пераможам».