Фатаграфаванне — гэта несанкцыянаванае мерапрыемства, за якое арыштоўваюць і збіваюць?

Гамельчука збілі і асудзілі на 15 сутак за фота ля адміністрацыі Савецкага раёна, паведамляе «Свабода»

Фота пікету каля адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля 21 кастрычніка. Фота «Радыё Свабода»

Фота пікету каля адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля 21 кастрычніка. Фота «Радыё Свабода»

Суд Суд Савецкага раёна 23 кастрычніка пакараў 43-гадовага жыхара Гомеля Станіслава Мачалава арыштам на 15 сутак за фота з бела-чырвона-белым сцягам ля раённай адміністрацыі.


Увечары 21 кастрычніка ў гомельскіх тэлеграм-чатах з’явіўся здымак людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі каля адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля. Пасля публікацыі фота, як сведчаць жыхары раёну, пачалася аблава АМАП.

Ігар, брат затрыманага Станіслава Мачалава, расказаў, што трывогу паднялі бацькі, калі сын не вярнуўся дахаты. Брат знайшоў Станіслава ў Савецкім РАУС Гомеля: «Мы з сябрамі стаялі ля РАУС і каля трэцяй гадзіны ночы ўбачылі, як Станіслава выводзяць — яго везлі на ІЧУ. Мы ўбачылі, што ў яго пабіты твар, заплылае вока, што ён кульгае і ледзьве рухаецца. Відаць, яго моцна пабілі», — зазначыў Ігар.

Фота пікету каля адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля 21 кастрычніка. Фота «Радыё Свабода»

Фота пікету каля адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля 21 кастрычніка. Фота «Радыё Свабода»


«Не ведаў, што фатаграфаванне — гэта несанкцыянаванае мерапрыемства»

Блізкіх і сваякоў не пусцілі на суд, бо нібыта каронавірус. Але і суддзя, і сакратарка былі без масак.

Міліцыя склала два пратаколы. Паводле іх, Станіслаў Мачалаў удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу каля адміністрацыі Савецкага раёна, а таксама «хапаўся за форму супрацоўнікаў», то-бок здзейсніў непадпарадкаванне.

«Уцякаў — прызнаю, за форму не хапаўся. Я ўпаў, і калі мяне затрымлівалі, то заламалі рукі за спіну — у мяне боль быў ва ўсім целе», — патлумачыў Станіслаў.

Паводле абвінавачанага, яму прапанавалі сфатаграфавацца на фоне адміністрацыі, і ён «не ведаў, што фатаграфаванне — гэта несанкцыянаванае мерапрыемства».

«Я ўцякаў (ад АМАПу, — РС), бо ўспрымаю міліцыю за небяспеку. Аднойчы ў бязлюдным месцы мяне аштрафавалі за адсутнасць флікеру», — распавёў на судзе затрыманы.

У судзе зачытвалі рапарт супрацоўнікаў АМАП, якія тлумачылі, што шукалі ноччу людзей, якія могуць быць датычныя да несанкцыянаванага мітынгу, таму ўбачылі ля гандлёвага цэнтру «Рэчыцкі» і затрымалі Станіслава.

«У яго была знойдзена атрыбутыка характэрнага бел-чырвона-белага колеру», — зазначана ў рапарце АМАП.

Станіслаў у судзе тлумачыў, што «нехта нас фатаграфаваў каля адміністрацыі, я думаў, што пазней мне перададуць здымак.

«Я тых людзей не ведаю, якія прапанавалі сфатаграфавацца, але яны часам збіраюцца на Вечным агні. Я думаў, што ўсё-такі ёсць людзі, неабыякавыя да сітуацыі ў нашай краіне», — казаў на судзе жыхар Гомеля.