Максім Знак: Калі неба не за кратамі, то і мы аднойчы будзем

Палітвязень Максім Знак даслаў бацьку Аляксандру Знаку кранальны ліст з уражаннямі ад прыезду ў калонію.

znak_001.jpg

«Тата, прывітанне. Пішу табе з новага месцейка. Тут мне свеціць не толькі сонейка (гэта не дзіва, дакладней, дзіва. Але не дзіва дзівоснае — я разоў 5 сонейка раней у гэтым годзе бачыў. Але тут яшчэ свеціць і месяц, а вось гэта ўжо зусім незвычайна — даўно з ім не бачыліся.
Даехаў я добра. Незапланаваны тур у культурную сталіцу цягнуўся 10 дзён, але, ведаеш, кожны дзень быў крышачку бясконцым. Упершыню з часу свайго дрэннага санаторыя напрыканцы 2020 я зноў чакаў — калі ўжо можна будзе пакласціся спаць, а потым здзіўляўся: а чаму гэта ноч праляцела як імгненне. Але ніякіх пакаранняў альбо незвычайнага стаўлення (барані Божа) да мяне не было — як ва ўсіх. І так некаторыя людзі бавяць там час не адзін месяц (і не два, і не тры).
Але не будзем пра былое. Тым больш, што там і пазітыву хапае — добры рамонт, добрая ежа, добрае абсталяванне. І добра, што акурат на Раство я адтуль паехаў далей, і прыехаў вельмі хутка — побач. Так што падарожжа маё ў нейкім сэнсе доўжылася 10 дзён, але заняло 10 хвілін. Кажуць, некаторыя хлопцы ехалі напрамкі, пасля НГ і хутчэй прыехалі на 3 дні, чым я — але яшчэ ж не бачылі культурную сталіцу (і я не бачыў, але адчуваў) і не былі ў славутых Кацярынінскіх канюшнях (а я яшчэ як!).
А тут я меў гонар быць пастрыжаным лепшым майстрам (і, здаецца, адзіным). Нарэшце я вярнуўся да той фрызуры, якая мне так пасавала ў гады майго дзяцінства (0-1 год), пасуе і зараз. Прынамсі, хацелася б спадзявацца. Гляджу я ў люстэрка і ўяўляю клуб тых неверагодных джэнтльменаў, у які мне пашанцавала трапіць: Брус Уіліс, Джэйсан Стэтхэм, Хтосьці – Скала – Джонсан, Він Дызель… і, канешне, ты!!! То будзем эканоміць шампунь, але кажуць, што трэба мазацца нейкім алеем. Мо ты параіш — што гэта і як гэта?
Яшчэ ў мяне зараз багата новага адзення. Ведаеш, што? Яно нармальнае. Мне здаецца, што пасуе, як і фрызура. А яшчэ — уяві такі цуд! — у кране ёсць гарачая вада. Вось гэта таксама дзіва дзіўнае. Але галоўнае дзіва, што кожную гадзіну можна выходзіць на вуліцу, і там дыхаць, дыхаць, дыхаць і глядзець у неба, якое нарэшце не за кратамі. Ну, калі неба не за кратамі, то і мы аднойчы будзем.
Упісаў цябе ў спіс на спатканні і тэлефанаванні, але гэта, пэўна, яшчэ не хутка, трэба спачатку абжыцца. Як абжывуся — напішу. Да пабачэння! Усім прывітанне!»
Нагадаем, Максім Знак быў асуджаны на 10 гадоў калоніі.
Пісаць палітвязню можна на адрас: ПК №3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба.