Сёння пачынаецца суд над рэкламшчыкам Аляксандрам Васілевічам (дапоўнена)
Уладальніку рэкламнага агенцтва Vondel/Hepta і прасторы «Галерэя Ў», саўладальніку Kyky.org ставяць у віну ўхіленне ад выплаты падаткаў (ч.2 арт. 243 КК), нагадвае «Наша Ніва».
Санкцыя гэтай часткі артыкула прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.
За кратамі Аляксандр Васілевіч знаходзіцца з 28 жніўня 2020 года. Першапачаткова яго затрымлівалі ў ліпені 2020 года, перад выбарамі. Тады ён падаваў паручальніцтва за вызваленне Віктара Бабарыкі, быў затрыманы і атрымаў суткі
28 жніўня, ужо пасля выбараў, прыйшлі яшчэ раз. Васілевіча затрымалі, неўзабаве стала вядома, што на яго заведзеная крымінальная справа.
Яго жонка Надзея Зелянкова пакінула краіну. На момант выезду з Беларусі яна была цяжарная. Ужо ў эміграцыі яна нарадзіла дачку Уршулю, якую Аляксандр Васілевіч яшчэ ні разу не бачыў.
Дапоўнена: суд над Аляксандрам Васілевічам зрабілі закрытым, паведамляе «Медиазона».