Журналіста Міхаіла Карневіча павезлі ў суд (дапоўнена)

З пятніцы ўласны карэспандэнт газеты «Народная Воля» Міхаіл Карневіч знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання ў Гродна, паведамляе выданне.

photo_2022_01_22_12_31_05.jpg.webp

Сёння Міхаіла Карневіча павезлі ў суд Ленінскага раёна Гродна.

Па папярэдняй інфармацыі, у пятніцу пасля абеда да яго наведаліся з ператрусам. З якой нагоды і якія службы мелі да яго прэтэнзіі — дакладна невядома. Суседзі кажуць, што ў яго канфіскавалі тэхніку.
Цікава, што інфармацыю пра тое, дзе ўсе гэтыя дні знаходзіўся Міхаіл Карневіч, даведацца было не так і проста. Ён — чалавек адзінокі, а інфармацыю прадастаўляюць толькі блізкім і сваякам, спасылаючыся на закон аб абароне персанальных даных.
Раней паведамлялася, што 21 студзеня ў Гродне затрымалі журналіста, сябра БАЖ Міхася Карневіча. За некалькі дзён да затрымання ён атрымаў рэдакцыйнае заданне «Народнай Волі» падрыхтаваць матэрыял з лагера мігрантаў на беларуска-польскай мяжы. 
Дапоўнена: журналіст атрымаў штраф у памеры 800 рублёў за рэпост інфармацыі ў сацсетках, яго вызвалілі.