Маладафронтаўцу Паўлу Сяргею пагражаюць крымінальнай справай
Адзін з апошніх прызыўнікоў маладафронтавец Павал Сяргей, які заявіў, што адмаўляецца ад прыняцця вайсковай прысягі па рэлігійных пераканнях, можа патрапіць пад крымінальны пераслед.
Павал Сяргей за кратамі
Як паведаміў Павел з войска, ён лічыць свой прызыў незаконным і палітычна матываваным, таму і заявіў, што ня будзе прымаць прысягу. У адказ кіраўніцтва вайсковай часткі №51171 ў Гродна стала пагражаць яму ўзбуджэннем крымінальнай справы за ўхіленне ад прахаджэння вайсковай службы, аднак прадставілі час "на роздум" — 2 тыдні да прысягі.
У выпадку адмовы ад прыняцця прысягі яго таксама абяцаюць перавесці ў чыгуначныя войскі.
Павал Сяргей, як і некаторыя іншыя актывісты, патрабаваў альтэрнатыўнай грамадзянскай службы ў сувязі з рэлігійнымі перакананнямі. Акрамя таго, на апошняй медкамісіі ў Маладэчна псіхіятар звярнуў
увагу на вялікую колькасць адміністратыўных правапарушэнняў ў маладафронтаўца і вырашыў даць яму адтэрміноўку.
Верагодна па камандзе зверху ваенкамат ігнараваў адтэрміноўку і адправіў актывіста ў войска.
Пад час папярэдняга прызыву па неафіцыйнай інфармацыі прысягу не прынялі каля 400 прызыўнікоў.
Падтрымаць Паўла Сяргея можна лістом на адрэсу: 230026, г.Гародня, вул. С. Памежнікаў, 182, В/Ч 51171, Сяргей Павал Аляксандравіч.