"Малады фронт" абраў трох з чатырох сустаршыняў арганізацыі
Кіраваць міжнародным грамадскім аб'яднаннем "Малады фронт", зарэгістраваным у Чэхіі, будуць чатыры сустаршыні. Тры з іх былі абраны 26 кастрычніка на восьмым з'ездзе арганізацыі, які прайшоў у Мінску.
Паводле меркавання дэлегатаў з'езда, інстытут сустаршынства дазволіць ва ўмовах беларускай рэальнасці найболей аптымальна кіраваць "Маладым фронтам".
Адзін з сустаршыняў, Эдуард Лобаў, які знаходзіцца ў зняволенні, быў абраны фактычна без абмеркаванняў.
Далейшыя дыскусіі на з'ездзе з нагоды абрання кіраўніцтва прывялі да таго, што было праведзена тайнае галасаванне. У бюлетэні значыліся тры кандыдатуры: Дзмітрый Дашкевіч, Андрэй Цянюта і
Вадзім Белы.
Па выніках тайнага галасавання, у якім удзельнічалі 49 чалавек, сустаршынямі "Маладога фронту" сталі тыя, хто набраў 50% галасоў плюс адзін голас. Дашкевіч набраў 28 галасоў, Цянюта
— 26, Белы — 23. Апошняму, такім чынам, не ўдалося набраць неабходную колькасць галасоў.
У сувязі з тым, што адзін сустаршыня абраны не быў, дэлегаты прынялі рашэнне правесці другую сесію з'езда. Мяркуецца, што яна адбудзецца да канца года.
Фота Вольгі Кляшчук