Маці загінулай праваабаронцы Яны Паляковай патрэбна дапамога

Актывісты «Нашага Дома» з Салігорску пабывалі ў сястрынскім прытулку вёскі Доўгае, дзе зараз знаходзіцца ў цяжкім стане Неаніла Міхайлаўна Палякова, маці праваабаронцы Яны Паляковай.

dscn0070_1024x768.jpg


Гісторыю 33-гадовай Яны Паляковай нельга забыць. Юрыст па прафесіі, яна супрацоўнічала з «Нашым Домам» і шэрагам праваабарончых арганізацый. Маладую жанчыну абвінавацілі ў паклёпе на супрацоўніка міліцыі. Суд Салігорскага раёна прызнаў Яну вінаватай па артыкуле «За заведама ілжывы данос», яе прысудзілі да 2,5 год «хіміі» і абавязалі выплаціць «абгаворанаму» міліцыянту «маральную шкоду». Яна Палякова лічыла сябе невінаватай. Яна сцвярджала, што ўчастковы інспектар нанёс ёй пабоі пасля таго, як яна адмовілася падпісваць паперы аб тым, што не збірала подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдата ў дэпутаты Вольгі Казулінай.
Пасля прысуду Яна скончыла жыццё самагубствам.
Больш за сем гадоў мінула з таго трагічнага дня. Пасля сыходу дачкі Неаніла Міхайлаўна засталася адна. Але пра яе не забыліся неабыякавыя людзі. Актывісты «Нашага дома» наведвалі пажылую жанчыну, дапамагалі з уборкай магілы Яны. А ў апошні свой візіт даведаліся, што ў жанчыны рэзка пагоршылася здароўе.
Цяпер мама Яны Паляковай не ўстае з ложка. Яна вельмі знясілена. Яе змясцілі ў сястрынскі прытулак вёскі Доўгае.

Актывісты "Нашага дома" набралі Валерыя Шчукіна, каб Ніла Міхайлаўна паразмаўляла з ім, але жанчына ўжо нікога не пазнае

Актывісты "Нашага дома" набралі Валерыя Шчукіна, каб Ніла Міхайлаўна паразмаўляла з ім, але жанчына ўжо нікога не пазнае


sol4_jana.jpg

Яшчэ нядаўна яна гасцінна прымала Валерыя Аляксеевіча ў сябе дома


Супрацоўнікі ўстановы распавялі актывістам, што Ніле Міхайлаўне можна дапамагчы, перш за ўсё, рэчамі. Тых сродкаў, што выдзяляюцца прытулку, ледзь хапае на ежу для пацыентаў. Патрабуюцца памперсы для дарослых, гігіенічныя сродкі, адзенне, прадукты харчавання.Перадаць рэчы можна па адрасе: Долгаўская бальніца сястрынскага дагляду з амбулаторыяй, 223736, Мінская вобласць, Салігорскі раён, в. Доўгае, вул. Зялёная, 40.
Альбо праз актывістаў «НД»: Рамана Гаррыевіча Сакача па адрасе: 223730, Мінская вобл., г. Салігорск, м-н «Маёнтак», вул. М. Багдановіча 16, эл. пошта: soligorsk@nash-dom.info ці Аляксандра Уладзіміравіча Краўчанка, адрас: 223710, Мінская вобл., Г. Салігорск, вул. Паркавая, д.6 кв. 49.