Маміны гісторыі. Не чапайце маё дзіця!

Нядаўна падчас адпачынку мы з маленькім сынам плавалі ў басейне. Побач з намі апынуўся мужчына вельмі саліднага ўзросту, якога мы сустракалі ў сталовай, і я міргнуць не паспела, як са словамі «Вой, як даўно я хацеў цябе памацаць!», ён ужо ціскаў маё дзіця за руку і пашчыпваў за шчокі. 

kryzis_dzicjaci_logo.jpg

Я была ў шоку ад такіх паводзінаў, не кажучы ўжо пра сына, які адразу прыняў насцярожаны выгляд, нягледзячы на ўгаворы мужчыны «ўсміхнуцца». Трохі прыйшоўшы ў сябе і сказаўшы, што ён у мяне сур'ёзны хлопец, я адцягнула малога падалей ад назойлівага дзядзькі. І потым доўга думала над тым, што адбылося, і як рэагаваць у падобных сітуацыях.

А адбылося грубае парушэнне асабістых межаў маленькага чалавека, якія я як мама не змагла належным чынам абараніць. Само дзіця ў сілу ўзросту і адсутнасці жыццёвага досведу яшчэ проста не можа гэтага зрабіць, таму задача бацькоў — ствараць бяспечнае асяроддзе для сваіх малых.

«Стоп-стоп, мужчына ж проста хацеў пазабаўляцца з дзіцёнкам, пры чым тут бяспека?» — скажа нехта. А вы паспрабуйце ўявіць на месцы дзіцяці сябе. Як вы будзеце адчуваць, калі незнаёмы чалавек падыдзе да вас і пачне мацаць, нават з самымі добрымі намерамі? Наўрад ці камфортна, праўда? Тое ж самае адчуваюць дзеці. 

І ладна (насамрэч — не), калі чалавек чапляецца да дзіцяці з мэтай павесяліць, выклікаць станоўчыя эмоцыі. Але вельмі часта парушэнне асабістых межаў дзіцяці трапляе пад артыкул Крымінальнага кодэкса. А гэта ўжо ні разу не весела. Таму бацькам надзвычай важна ўмець пастаяць за свайго дзіцёнка і навучыць гэтаму яго самога. 

Так, калі дзіця яшчэ зусім малое, варта спакойна, але цвёрда казаць надзвычай актыўным дарослым фразы кшталту «Калі ласка, не дакранайцеся да майго дзіцяці», альбо «Не задавайце яму такіх пытанняў». Лепшага спосабу данесці думку да іншага, чым словы, яшчэ не прыдумалі.

Канешне, можна такім чынам выклікаць непаразуменне ці нават абурэнне «парушальніка межаў», але бяспека дзіцяці, відавочна, у большым прыярытэце, чым захаванне прыязных адносін з незнаёмым (ды нават і знаёмым) чалавекам. Зрэшты, культурныя людзі наўрад ці стануць паводзіць сябе з чужым дзіцем нахабна, а іншыя часам заслугоўваюць і грубага адказу.

Калі ж малеча трохі падрасце, трэба навучыць яе базавым правілам паводзінаў з чужымі людзьмі. Тлумачце дзіцяці, што не варта ісці за чужынцамі, калі яны некуды клічуць і нават прапануюць гасцінцы ці абяцаюць падарункі. Што ніхто не павінен кранаць дзіця, асабліва дакранацца да інтымных месцаў, што рабіць гэта могуць толькі дактары ў прысутнасці бацькоў, альбо самі бацькі падчас гігіенічных працэдур, пры гэтым яны абавязкова мусяць тлумачыць, што і для чаго яны робяць.

Такім чынам у маленькага чалавека з дзяцінства будуць фарміравацца правільныя ўстаноўкі адносна межаў і свайго цела.

Бо дзіця — гэта не мілая цацка, а, няхай яшчэ не сфармаваная, але асоба, правы якой варта паважаць з маленства. І вучыць яе паважаць правы іншых людзей.