Марка з гербам Горак вылучана на нацыянальны конкурс
Прадпрыемства "Белпошта" з 1 па 31 сакавіка праводзіць конкурс "Лепшая паштовая марка Рэспублікі Беларусь 2012 года". Сярод намінантаў — марка, прысвечаная Горкам.
На суд грамадству вынесены, напрыклад, паштовыя маркі да 100-годдзя Максіма Танка і 130-годдзя беларускай чыгункі, а таксама паштовыя блокі "Архітэктура Беларусі. Праваслаўныя храмы" і "125 гадоў з дня нараджэння Марка Шагала" ды іншыя.
Найлепшую марку ды блок выбіраюць шляхам народнага галасавання. Кожны ахвочы можа запоўніць адмысловую анкету, у якой трэба ўказаць, якая марка ці блок найбольш даспадобы.
Анкету можна атрымаць у любым аддзяленні паштовай сувязі краіны або скачаць у Інтэрнэце на сайце www.belpost.by.
Конкурс не толькі вызначыць найлепшую марку. Сярод удзельнікаў, якія дашлюць лісты з правільна запоўненай анкетай і ўгадаюць пераможцу, будуць разыграныя прызы: 10 тэматычных набораў паштовых марак ды 100 набораў філатэлістычнай прадукцыі.
Ці стане марка з гербам Горак пераможцам рэспубліканскага конкурсу, будзе вядома ўжо 8 красавіка. Дарэчы, марка з гербам нгорада была выпушчана ў абарачэнне 21 жніўня 2012 года накладам 63 тысячы асобнікаў. Яе мастацкае афармленне зрабіў Яўген Бядонік.
Акрамя ўсяго арганізатары конкурсу просяць выказваць прапановы па выпуску дзяржаўных знакаў паштовай аплаты і па іх тэматыцы. Усе прапановы будуць разгледжаны на рабочым савеце выдавецкага цэнтра "Марка" РУП "Белпошта" і ўлічаны пры выданні ў наступныя гады.
Антон Валадзько, газета "УзГорак"
Фота: www.belpost.by