Марыю Калеснікаву ўзнагародзілі прэміяй імя Яна Карскага

Палітзняволеную Марыю Калеснікаву ўзнагародзілі прэміяй «Дух Яна Карскага» за абарону правоў чалавека. Цырымонія ўручэння прайшла ў Варшаве, атрымаць узнагароду прыехала сястра Марыі Таццяна Хоміч.

photo_2020_08_31_18_12_03.jpg


Пераможцамі прэміі Karski2020, якая прысуджаецца асобам да 30 гадоў, сталі лекар Томаш Глажэўскі, грамадскі дзеяч Аляксандра Вішнеўска і валанцёр Уршуля Вазняк, паведамляе REFORM.by са спасылкай на адукацыйны фонд Яна Карскага.

Прэмія «Дух Яна Карскага», удзельніка польскага руху Супраціву, адзначае асаблівыя заслугі ў сферы абароны правоў і годнасці чалавека, барацьбы супраць расізму, абароны этнічных і рэлігійных груп і суверэнных нацый, каб пабудаваць адкрытае і талерантнае грамадства.

Раней узнагароду атрымлівалі сенатар ЗША Джон Макейн, журналіст «The New York Times» і двухразовы ўладальнік Пулітцэраўскай прэміі Нікалас Крыстоф, дэкан Школы дыпламатычнай службы Джорджтаўнскага ўніверсітэта ў Вашынгтоне Пітэр Ф. Крог, пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Саманта Паўэр.

Нагадаем, Марыя Калеснікава, музыка і арт-менеджарка, узначаліла штаб Віктара Бабарыкі ў чэрвені 2020 года пасля арышту самога палітыка і яго сына Эдуарда Бабарыкі, ранейшага кіраўніка штаба. Пасля аб’яднання штабоў у ліпені яна стала адным з самых яркіх сімвалічных лідараў пратэсту, увайшоўшы ў так званае «Жаночае трыа» са Святланай Ціханоўскай і Веранікай Цапкала. Пасля прэзідэнцкіх выбараў Марыя ўвайшла ў Прэзідыум Каардынацыйнай рады, створанай Ціханоўскай, удзельнічала ў пратэсных маршах.

6 верасня сілавікі выкралі Калеснікаву ў цэнтры Мінска і паспрабавалі выправадзіць з краіны. Але Марыя на мяжы з Украінай парвала пашпарт і адмовілася з’язджаць. Тады яе змясцілі пад варту, ёй прад’явілі абвінавачанне па ч. 3 арт. 361 КК, як і яе паплечніку і адвакату Максіму Знаку, і іншым удзельнікам Каардынацыйнай рады. Затым былі дададзеныя і іншыя абвінавачанні. Ужо больш за восем месяцаў яна знаходзіцца за кратамі ў СІЗА. Марыя Калеснікава прызнана палітзняволенай. Некалькіх яе адвакатаў пазбавілі ліцэнзій.