Масачны рэжым можа захавацца да лета, а вакцыну ад каронавіруса будуць выпускаць у Беларусі

Масачны рэжым захаваецца да таго часу, пакуль не пойдзе на спад колькасць хворых на COVID-19 або да канца эпідэміі, сказаў выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч у эфіры «Беларусь 1», перадае «Радыё Свабода» са спасылкай на БелаПАН.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

«Эпідэмічны працэс ідзе паводле сваіх законаў. Іх досыць складана абысці. Таму масачны рэжым і сацыяльнае дыстанцыяванне да завяршэння эпідпрацэсу, як мінімум да пачатку падзення ўзроўню захворвання, павінны захоўвацца. А ў цэлым — да яго завяршэння, можа, да чэрвеня», — адзначыў Піневіч.
Паводле яго ацэнак, цяпер на піку захворвання «ўжо Гродзенскі рэгіён і, будзем спадзявацца, Мінскі. Працягваюць прырастаць Гомель, Віцебск і Магілёў». А найбольш павольна растуць паказчыкі ў Брэсцкай вобласці. Чыноўнік звязвае гэта з тым, што там пазней завяршылася першая хваля каронавіруса.
Піневіч заявіў, што расійскую вакцыну Sputnik V пачнуць вырабляць у Беларусі ўжо сёлета. «А маштабаванне, прамысловая вытворчасць, вядома, гэта будзе наступны год», — сказаў ён.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, на 22 лістапада, зафіксавана 123 999 выпадкаў заражэння COVID-19, памерлі 1096 чалавек.