Мастацкі майдан салідарнасці з Украінай у Беластоку
“Мы з вамі” — мастацкі майдан салідарнасці прайшоў у Беластоку. Галерэя “Arsenał” і клуб “Zmiana Klimatu” арганізавалі дыскусію ды канцэрт у падтрымку ўкраінскага грамадства.

Удзельнік дыскусіі Рафал Казіньскі з Варштатаў культуры ў Любліне адзначае, што польскае грамадства не павінна быць глухім да патрэбаў суседзяў:
— Варта сачыць за тым, што робіцца ва Украіне, і калі адбываюцца нейкія падзеі — збіраюцца подпісы пад петыцыяй, праходзіць чарговы мітынг ці сход прысвечаны Майдану, то трэба ў гэтым удзельнічаць. Мы жывем занадта блізка да мяжы, таму не можам быць абыякавымі.
У канцэрце салідарнасці з Майданам у Беластоку прыняў удзел і беластоцкі гурт, які спявае па-беларуску “Ilo & Friends”. Па словах Ілоны Карпюк, людзі культуры перадусім адчуваюць свабоду і таму падтрымліваюць тых, хто за яе змагаецца:
— Неаднойчы мы ўдзельнічалі ў канцэртах і культурніцкіх акцыях у падтрымку беларусаў, якія змагаюцца за свабоду. Культура — гэта праява жыцця, з яе дапамогай часцей можна адчуваць сябе свабодным. Мы з ахвотай удзельнічаем у мастацкім майдане ў Беластоку.
Акцыі пратэсту ва Украіне пачаліся 22 лістапада і трываюць дагэтуль. Першапачатковыя студэнцкія пратэсты супраць адмовы ўкраінскага ўраду ад еўраінтэграцыі перараслі ў гвалтоўныя сутыкненні і агульнаўкраінскі палітычны крызіс.


Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара