«Маша Калеснікава сапраўдны герой». Краўцоў і Раднянкоў распавялі пра падзеі пасля затрымання
Сябраў Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў беларускія спецслужбы вымусілі з’ехаць за мяжу. Цяпер яны ў Кіеве і ўжо далі прэс-канферэнцыю, піша Еўрарадыё.
Увечары 8 верасня прэс-сакратар Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і выканаўчы сакратар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў правялі прэс-канферэнцыю ў Кіеве. Яны распавялі пра падзеі пасля свайго затрымання ў Беларусі. Іх затрымалі ў Мінску раніцай 7 верасня проста на вуліцы, калі яны спрабавалі шукаць Марыю Калеснікаву, сябру прэзідыюму Каардынацыйнай рады (яна была схоплена на вуліцы невядомымі).
Спачатку Раднянкоў і Краўцоў былі ў Галоўным ўпраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС (з кайданкамі на руках і з чорным мяшком на галаве), трымалі асобна. Пасля іх прывезлі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК. Іван Краўцоў кажа, што там меў гутарку з трыма супрацоўнікам у цывільным, якія не прадстаўляліся. Яны дэманстравалі нейкія дакументы, якія нібыта пацвярджалі яго "супрацьзаконную дзейнасць" па месцах ранейшай працы, пагражалі крымінальнай адказнасцю. Гэтых людзей цікавіла магчымасць "вывазу Марыі Калеснікавай за мяжу". На іх думку, гэта "паспрыяла б дээскалацыі ў краіне".
"Пасля сітуацыя змянілася і яны сказалі, што Марыя Калеснікава будзе дастаўлена на мяжу, — расказвае Краўцоў. — Каля 23-й нас пасадзілі на мікрааўтобусы і павезлі... Па дарозе ў КДБ забралі Марыю Калеснікаву. Таму мяркую, што яна была ўвесь дзень у КДБ. І мы паехалі на беларуска-ўкраінскую мяжу".
Па словах Раднянкова, "у агульнай калоне было каля 4-5 машын, часам 6". Адна з машын належала Івану Краўцову. Картэж адразу заехаў на нейтральную паласу. Антона Раднянкова пасадзілі ў легкавік Краўцова. У гэты момант прывялі і Калеснікаву. Яна супраціўлялася.
"Яе запіхалі на задняе сядзенне", дзверы былі заблакаваны. Яна крычала, што нікуды не паездзе, расказвае Раднянкоў. Як толькі яна ўбачыла свой пашпарт, яна парвала яго на дробныя кавалкі і выкінула маладым людзям, якія стаялі каля машыны, працягвае ўцякач. Пасля гэтага яна праз акно вылезла і пайшла ў бок беларускай мяжы.
Іван Краўцоў заявіў, што прадстаўнікі спецслужбаў паставілі яму задачу, каб як толькі Калеснікава сядзе ў аўтамабіль, ён хутка паехаў да ўкраінскай мяжы. Але ён так не зрабіў, дачакаўся, калі яна пакінула машыну. "Маша Калеснікава сапраўдны герой", — кажа ён. І Краўцоў, і Раднянкоў прызналіся, што не змаглі паступіць так, як яна.
Пасля сыходу з аўтамабіля Марыі Калеснікавай, Краўцоў і Раднянкоў зразумелі, што іх спрабуюць зноў затрымаць (Калеснікава ўжо была затрымана). Тады яны хутка паехалі да ўкраінскіх памежнікаў. Была пагоня, але яны змаглі ўцячы.
Антон Раднянкоў таксама распавёў, што супрацоўнікі спецслужбаў паклалі ў іх машыну страхоўку, білеты для яго і Івана Краўцова на сёння ў Турцыю, а для Калеснікавай — білет з Кіева ў Вену, а адтуль — у Мюнхен. Ён мяркуе, што ўсё гэта папярэдне знялі і найхутчэй пакажуць па БТ з адаведнымі каментарамі.