МХД патрабуе аддаць грошы БРСМ на дабрачыннасць

Маладыя хрысціянскія дэмакраты абураныя апошнімі заявамі кіраўніцтва БРСМ, у тым ліку ў падтрымку прымусовага размеркавання, і патрабуюць забараніць дзейнасць арганізацыі ў межах навучальных установаў Беларусі.



mhd_logo.jpg

«БРСМ з’яўляецца не толькі манапалістам, але і ўсю сваю дзейнасць здзяйсняе за кошт падаткаплатнікаў. Пры гэтым лік ідзе на мільёны долараў (36,8 млн долараў за 2005-2011 гады). У сувязі з гэтым МХД патрабуе спыніць усялякую падтрымку БРСМ, а ўсе вызваленыя грошы перадаць на падтрымку дзіцячых дамоў і сістэмы аховы здароўя для дзяцей і моладзі» — гаворыцца ў звароце МХД.

«Заявы Ігара Бузоўскага паказваюць прававое бязмежжа, у якім вольна пачуваюцца сучасныя нашчадкі злачыннага камсамлу. Яны не толькі не прыносяць карысць, але і за бюджэтныя грошы прывучаюць маладзёнаў да дармаедства, кар’ерызму. У той самы час сродкаў не хапае ў лякарняў, дзіцячых дамоў, паліклінікаў, таму мы і патрабуем забраць фінансаванне ад БРСМ і накіраваць яго менавіта на падтрымку гэтых устаноў», — цытуе лідэрку МХД Марыну Хоміч bchd.info.

Нагадаем, выступаючы 13 кастрычніка ў Інстытуце журналістыкі БДУ старшыня БРСМ Ігар Бузоўскі агучыў некаторыя тэзы па падтрымцы чальцоў сваёй арганізацыі. У прыватнасці, ад БРСМ падрыхтаваны зварот з просьбай дазволіць працадаўцам, якія ўзялі на працу члена арганізацыі, якія не плаціць адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (34% ад заробку).

Акрамя таго, БРСМ ініцыюе стварэнне квот на дзяржаўных прадпрыемствах для праходжання практыкі членамі арганізацыі.

Што тычыцца далейшага працаўладкавання, то, па словах першага сакратара ЦК, моладзь падтрымлівае абавязковае размеркаванне ў Беларусі. «Маючы зносіны з калектывамі, і не толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах, мы бачым, што моладзь падтрымлівае размеркаванне. Гэта далёка не горшы варыянт у нашым адукацыйным працэсе», — падаюць словы Бузоўскага naviny.by.

Між тым, беларускія праваабаронцы прыроўніваюць размеркаванне да прымусовай працы, што парушае правы чалавека.