МХД: Беларуская адукацыя патрабуе рэформаў, а не пустых слоў

Маладыя хрысціянскія дэмакраты 1 верасня выступілі з заявай, у якой запатрабавалі сапраўднай рэформы беларускай сістэмы, якая б спрыяла развіццю сучаснай беларускай эканомікі і ўзмацненню нацыянальнай свядомасці беларусаў.

education_reform.jpg

“Сёння свет адзначае Дзень ведаў. Сотні тысяч маленькіх і маладых беларусаў сядуць за парты ў школах, каледжах і інстытутах, — адзначаецца ў заяве МХД. — Але якія веды яны атрымаюць? На фоне апошніх заяў кіраўніцтва дзяржавы становіцца сапраўды жахліва за тых, хто ў Беларусі сутыкаецца з сістэмай адукацыі: ці то вучыцца, ці то вучыць.

Горш за ўсё сёння школьнікам. Бязглуздыя планы, тэндэнцыя да спрашчэння праграм і арыентацыя на працоўныя спецыяльнасці. У ХХІ стагоддзі ў краіне, дзе ёсць патрэба ў IT-тэхналогіях і спецыялістах, школьнікаў арыентуюць на працоўных збанкрутаваных заводаў-гігантаў. Са школьных праграм выкрэсліваюцца важныя жыццёвыя веды. Напэўна, дзяржаве больш патрэбны бяздумны электарат, а не развіццё краіны.

І чым далей, тым горш. Сістэму школьнай адукацыі трэба цалкам рэфармаваць, пазбаўляцца ад савецкіх перажыткаў, якія Лукашэнка называе “ўсё лучшае”. Свет не стаіць на месцы! Развіваюцца і падыходы да школьніцтва.

Таксама мы патрабуем надання належнай увагі беларускамоўнай адукацыі. Каб у кожным беларускім горадзе была хоць адна беларуская школа. Бо тое, што зараз адбываецца ў галіне беларускамоўнай адукацыі, можа прывесці да моўнай трагедыі і гібелі нацыі.

Не лепшы стан і вышэйшай адукацыі. Тыя ж тэндэнцыі, што і ў школах. Хоць Беларусь і далучылася да Балонскага працэсу, і некалькі гадоў дзейнічала дарожная карта, гэта не выратавала сістэму вышэйшай адукацыі ад застою і дэградацыі. Дзе сёння выбарнасць рэктараў? Студэнцкае самакіраванне? Арыентацыя праграм на рынак? Нічога няма! І працягваць можна шмат. Мы патрабуем, каб улады здзейснілі абяцанае і выканалі ўмовы далучэння да Балонскага працэсу.

Апроч таго, варта стварыць Нацыянальны ўніверсітэт, які б рыхтаваў беларускамоўныя інтэлектуальныя кадры.

Беларуская сістэма адукацыі патрабуе рэформаў. Не пустых слоў і перасоўванняў ад чарговага закаранелага камуніста на міністэрскай пасадзе, а сапраўдных перамен. Бо за адукацыяй будучыня беларускай нацыі!”

bchd.info