Нацыянальны аэрапорт ужо некалькі месяцаў разглядае мэтазгоднасць беларускамоўных указальнікаў

Затое ў Нацыянальным аэрапорце Мінск з'явяцца ўказальнікі на кітайскай мове.

aero.jpg

«У апошні час у нас ідзе вельмі вялікі паток пасажыраў з Кітая. І не толькі транзітных, госці з Паднябеснай сёння ляцяць менавіта ў Беларусь. Магчыма, сваю ролю ў гэтым адыграла будаўніцтва індустрыяльнага парка «Вялікі камень» і ў цэлым турыстычная прывабнасць нашай краіны», — абгрунтавала новаўвядзенне прэс-сакратарка аэрапорта.
Цяпер, атрымліваецца, даведачная інфармацыя будзе на трох мовах: англійскай, рускай і кітайскай. Але калі ў нацыянальным беларускім аэрапорце з'явіцца беларуская мова?
Мы адрасавалі гэтае пытанне ў прэс-службу аэрапорта.
«Гэтае пытанне разглядаецца. Як даўно? Некалькі месяцаў ужо. Калі будзе прынятае рашэнне? Да канца году», — сказала нам прадстаўніца прэс-службы Раміна Саматханава.
Мы таксама пацікавіліся, хто ўваходзіць у склад групы па разглядзе гэтага складанага пытання, якое вымагае года аналізу.
«Гэта закрытая інфармацыя, навошта вам?» — сказаў кіраўнік службы Аляксандр Караблікаў і параіў звяртацца па гэтую інфармацыю пісьмова.
Паводле Нашай Нівы