Мы пасля будзем вас судзіць

Прадстаўнікі ўладаў не знайшлі, што адказаць на пытанні жыхароў наконт забудовы сталічнага Парка дружбы народаў.



a8a427afafda854020c951467cc2b4b7.jpg

Прадстаўнікі ўладаў не знайшлі, што адказаць на пытанні жыхароў наконт забудовы сталічнага Парка дружбы народаў.
У мінскай школе №53, дзе праходзілі грамадскія слуханні, купку мясцовых жыхароў і журналістаў сустрэлі неадназначна: “Вы на сход? Вы будзеце сядзець у прэзідыуме? Не? Тады не распранайцеся, я не павяду ў гардэроб — наконт вас мне не давалі ўказанняў, — мітусілася супрацоўніца школы. У прэзідыуме з правам распрануцца ў гардэробе засядалі старшыня адміністрацыі Савецкага раёна Генадзь Пасевін, дэпутатка парламента Галіна Палянская ды Сяргей Казлоўскі, начальнік аддзела горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама. У залі сядзела іх група падтрымкі — гарадскія спецыялісты ў справе экалогіі, будаўніцтва, аховы здароўя. Мясцовых жыхароў было каля сарака чалавек.
“Вы б аб’явы павесілі хаця б. Болей бы людзей прыйшло — у нас жа 600 чалавек падпісаліся пад зваротам пра парк, — выказвалі незадавальненне мясцовыя жыхары.
На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, узнятыя жыхарамі ў пісьмовым звароце да гарадскога кіраўніцтва — вядоўца слуханняў (Казлоўскі) зачытваў праблемнае пытанне, а спецыялісты тлумачылі, чаму гэта не праблема для будаўніцтва. Праўда, мясцовыя жыхары не збіраліся проста ся­дзець і слухаць.
Самыя бурныя спрэчкі разгарнуліся вакол простага пытання забудовы парка. Вялізны парк Дружбы народаў — ледзь не адзіны зялёны куточак у Савецкім раёне Мінска. Ён ствараўся як філіял Батанічнага сада НАН, таму мае багата рэдкіх відаў раслінаў і нават эксклюзіўны кавалачак багны. Гарадскія ўлады вырашылі забудаваць палову парка — паводле генплану, на гэтым месцы мусіць размяшчацца пасольскі гарадок, цэнтр расійскай навукі і суд Савецкага раёна.
Варта абмовіцца, што афіцыйна тэрыторыя патэнцыйнага будаўніцтва мае статус зоны грамадскага карыстання, а не парка. Але ж ці важна для мясцовых жыхароў, як называецца іх улюбёны зялёны куточак, частку якога займае шыкоўны фруктовы сад? “Гэта калектыўны эгаізм! — гучна вылаяўся дзяржаўны эколаг. — Вунь у Кунцаўшчыне наогул парка няма, а вы маеце! І яшчэ незадаволеныя будаўніцтвам! Вас падпісалася ўсяго 600 чалавек, а будаўніцтва — справа агульнарэспубліканская.
“Будаўніцтва вядзецца ў нас пад вокнамі. Вось чые такія важныя амбасады збіраюцца тут будаваць? — парыравалі жыхары.
“Францыя, Азербайджан, Казахстан і Лівія, — пачырванеў начальнік аддзела горадабудаўніцтва Сяргей Казлоўскі. Зала зарагатала. “Для гэтых амбасадаў можна пашукаць і іншыя месцы ў горадзе, дзе не спатрэбілася б руйнаваць парк. Цэнтр расійскай навукі перанясіце ў горад-спутнік Смалявічы. А суд можа размяшчацца і ў старым будынку ці на пустыры, як Дом правасуддзя, — пярэчылі жыхары.
“Суд — важны для грамадства аб’ект і мусіць знаходзіцца ў годным месцы. Суд — гэта сімвал дзяржавы, — павучалі чыноўнікі.
“Вы яшчэ турму як сімвал дзяржавы тут пабудуйце. Вось мы вашы імёны зараз запішам і пасля ў гэтым судзе будзем судзіць, — не здаваліся жыхары.
На пытанне, чаму генплан быў прыняты без удзелу жыхароў, чыноўнікі здзіўлена выкатвалі вочы — маўляў, мы ж з вамі сядзім зараз і гэта абмяркоўваем. Рэпліка пра тое, што будаўніцтва суда ўжо даўно пачалося, і частка фруктовага сада знішчаная (паводле дакументаў, ужо выразана каля 200 здаровых дрэваў) павісла ў залі без адказу.
Чыноўнікі прынеслі з сабой вынікі разнастайных экалагічных экспертызаў, паводле якіх забудова не толькі не пагоршыць экалагічны стан раёна, але і палепшыць! Маўляў, мы вам і каналізацыю зробім (зараз у парку яе няма), і адчысцім тэрыторыю ад гаражэй, і нават дрэўцы новыя пасадзім.
Адзін з мясцовых жыхароў зачытаў вынікі экалагічнай экспертызы 1996 года, паводле якой будаўніцтва на гэтай тэрыторыі прывядзе да забруджвання глебы, транспартных праблемаў, пагаршэння экалогіі і падвышэння колькасці захворванняў. “Чаму вынікі мінулай экспертызы супрацьлеглыя вынікам вашай экспертызы? — рэзонна спытаўся ён.
Грамадскія слуханні цягнуліся чатыры гадзіны, амаль да 23 гадзін вечара. “Такім чынам, ваша пазіцыя нязломная? Вы патрабуеце спыніць будаўніцтва, адмяніць генплан і афіцыйна пераўтварыць гэтую тэрыторыю ў парк альбо ў тэрыторыю культурніцкага прызначэння, так? — удакладнілі чыноўнікі. — “Так, — гучна адказала зала. — “Дык а вы што нам скажаце?— спыталіся жыхары, якія намагаліся гэтай сустрэчы ажно 6 месяцаў. — “Мы — нічога. Мы дакладзем пра вашу і нашу пазіцыі кіраўніку Мінгарвыканкама і будзем чакаць рэакцыі.
На сустрэчы прысутнічаў вядомы ў трэцім сектары Сяргей Драздоўскі — старшыня “Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў. “Я тут як мясцовы жыхар, — пацвердзіў ён “НЧ. — Сустрэча была пабудавана неканструктыўна. Прыйсці і кінуць экспертаў даказваць, што будаўніцтва тэхнічна магчыма — ды канешне магчыма. Можна і піраміду Хеопса пабудаваць — не пытанне. Пытанне — навошта?