Міхаіл Жамчужны адбыў 5 сутак у ШІЗА

Праваабарончы цэнтр «Вясна» атрымаў пацверджанне, што з 9 па 14 сакавіка палітвязень Міхаіл Жамчужны правёў 5 сутак у ШІЗА. Паслязаўтра — суд па пераводзе яго ў турму ў адкрытым рэжыме

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Спагнанне было вынесена за нібыта самавольны паход у лазню адразу пасля адбыцця ім 3 месяцаў у ПКТ. Зняволенага, які суправаджаў Жамчужнага ў лазню, пакаралі 10 суткамі ШІЗА. Па меркаванні палітвязня, адміністрацыя калоніі ўжыла гэтае спагнанне дзеля таго, каб выклікаць негатыўныя адносіны да яго ў іншых вязняў, бо за стасункі з ім можна атрымаць пакаранне.

У ШІЗА Міхаіл Жамчужны афіцыйна папярэдзіў адміністрацыю калоніі, што калі не будзе адменены загад аб накіраванні яго на працу, ён абвесціць галадоўку. Нагадаем, што з 5 сакавіка яго накіравалі ў механічны цэх №2 раздзельшчыкам металалому — на цяжкую фізічную працу, нягледзячы на тое, што 62-гадовы вязень — пенсіянер і, згодна з нормамі Крымінальна-выканаўчага кодэкса, ад працы мусіць быць вызвалены. У адказ Жамчужны накіраваў скаргі на незаконнасць дзеянняў адміністрацыі ў Барысаўскі райвыканкам і Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Пасля вызвалення з ШІЗА палітвязень ад працы быў вызвалены.

З вялікім абурэннем Міхаіл Жамчужны ўспрыняў забарону наведваць храм. Адміністрацыя калоніі забарону абгрунтавала неабходнасцю адмежаваць зняволеных-вернікаў ад ягонага негатыўнага ўплыву.

23 сакавіка, у чацвер, у 11 гадзін адбудзецца судовы працэс па справе аб пераводзе Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым утрымання. Толькі сёння Праваабарончаму цэнтру “Вясна” з ліста з Мінскага абласнога суда стала вядома, што працэс адбудзецца ў памяшканні Барысаўскага раённага суда ў адкрытым рэжыме.

Нагадаем, першае судовае пасяджэнне па гэтай справе адбылося 2 сакавіка на тэрыторыі калоніі і, нягледзячы на папярэдне пададзеныя заявы ў суд праваабаронцаў Паўла Сапелкі, Валянціна Стэфановіча, Алега Мацкевіча і Таццяны Рэвякі, на працэс яны не былі дапушчаны. Суддзя Манышаў матываваў адмову неабходнасцю атрымання дазволу на наведванне тэрыторыі калоніі ў Дэпартаменце выканання пакаранняў.

Праваабаронцы падалі заявы ў ДВП і Мінскае абласное Упраўленне ДВП, каб яны выдалі дазвол на прысутнасць на судовым працэсе па справе Жамчужнага 23 сакавіка. З Дэпартаменту выканання пакаранняў імі былі атрыманы ідэнтычныя адмовы, якія матываваліся тым, што “забеспячэнне Вашага наведвання пацягне за сабой адцягненне супрацоўнікаў ад выканання мерапрыемстваў па ажыццяўленні нагляду ва ўстанове”.

Разам з тым, Мінскі абласны суд хаця і прызнаў дзеянні суддзі Манышава, які не здолеў забяспечыць адкрытасць судовага працэсу 2 сакавіка, адпаведнымі заканадаўству, але відавочна, што судовая сістэма прадпрыняла крокі дзеля забеспячэння публічнасці судовага разбіральніцтва.

 spring96.org