Міхаіл Жамчужны кажа, што ціск на яго ініцыюе не сама калонія

На 10 гадзін раніцы 12 студзеня прызначаны разгляд скаргі Міхаіла Жамчужнага ў касацыйным парадку ў Мінскім абласным судзе па вынесеным спагнанні за нібыта самавольнае перамяшчэнне па тэрыторыі калоніі.

zamchuzny.gif


Пра гэта паведаміў сам палітвязень у лісце да праваабаронцы Таццяны Рэвяка.

Да гэтага Барысаўскі раёны суд адмовіў Жамчужнаму ў задавальненні скаргі за першае вынесенае спагнанне.

Міхаіл Жамчужны адзначае, што ціск, які ён зведаў за апошнія паўгады, у тым ліку змяшчэнне яго ў ПКТ, ідзе не з самой калоніі. Ён кажа, што былі тэлефонныя званкі аб ўзмацненні ўвагі да яго, пры гэтым хтосьці з адміністрацыі калоніі іх ігнараваў, хтосьці выбачаўся перад ім, а хтосьці — выконваў.

“Нагодаў для спагнанняў я не даваў, паводжу сябе стабільна, ніяк не вылучаюся, канфлікты з асуджанымі не падтрымліваю. Асуджаныя шчыра здзіўленыя неадэкватнасцю спагнанняў”, — піша палітвязень у лісце.

Нагадаем, у ліпені 2015 года Міхаіл Жамчужны  быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у наўмысным выдаванні звестак, што складаюць службовую таямніцу і ў  незаконным набыцці сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, што складае службовую таямніцу.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

spring96.org