Міхаіл Жамчужны змешчаны ў ПКТ на тры месяцы

Як стала вядома ПЦ «Вясна», Міхаіл Жамчужны бліжэйшыя тры месяцы правядзе ў памяшканні камернага тыпу. Туды ён быў пераведзены 21 лютага пасля таго, як адбыў чарговыя 10 сутак у ШІЗА.

Радыё Свабода

Радыё Свабода

6 лютага ў судзе Горацкага раёна Магілёўскай вобласці адбыўся разгляд скаргі палітвязня на вынесеныя ў сакавіку 2018 года спагнанні: 10 сутак ШІЗА ад 1 сакавіка, трое сутак — ад 11 сакавіка, сем сутак — ад 15 сакавіка і 10 сутак — ад 23 сакавіка. У сваёй скарзе Міхаіл Жамчужны ўказваў, што даваў як вусныя, так і пісьмовыя тлумачэнні аб тым, што яго адмовы следаваць ў атрад абумоўленыя канфліктамі паміж ім і іншымі асуджанымі, якія ўзніклі па прычыне нефармальных адносін, што склаліся ў асяроддзі зняволеных. Двойчы ён праследаваў у атрад, але не змог там доўга знаходзіцца, так як іншыя асуджаныя пагражалі яму фізічнай расправай.
Палітвязень быў вымушаны штораз адмаўляцца следаваць у атрад, каб захаваць свае гонар і годнасць, а таксама з-за асцярог не толькі за сваё здароўе, але і жыццё. Беспрычыннага намеру не выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў калоніі ў яго не было.
Міхаіл Жамчужны прасіў суд прызнаць яго скаргу абгрунтаванай і адмяніць накладзеныя на яго ў сакавіку 2018 года спагнанні. На судовае паседжанне асуджаны не дастаўляўся.
У ходзе разгляду суддзя Алена Вараб'ёва, заслухаўшы прадстаўніка палітвязня і прадстаўніка ПК-9, даследаваўшы пісьмовыя матэрыялы справы, прыйшла да высновы, што скарга Міхаіла Жамчужнага неабгрунтаваная і задавальненню не падлягае.
Міхаіл Жамчужны ўжо падаў скаргу на рашэнне суда Горацкага раёна ў Магілёўскі абласны суд.
Агулам з моманту пераводу Міхаіла Жамчужнага ў ліпені 2017 года ў папраўчую калонію горада Горкі ў дачыненні да яго 26 разоў ўжываліся меры дысцыплінарнага спагнання. Толькі за перыяд з сярэдзіны кастрычніка мінулага года па студзень гэтага, Жамчужны правёў у ШІЗА 35 сутак і адзін месяц у ПКТ.
Палітвязень плануе ў бліжэйшы час падаць паўторную наглядную скаргу ў Вярхоўны суд. Таксама пасля пераводу ў ПКТ Міхаіл Жамчужны зноў можа атрымліваць і адпраўляць карэспандэнцыю.
У цэлым адчувае сябе ён нармальна, на здароўе не скардзіцца. Аднак, па-ранейшаму яму адмаўляюцца выдаваць вітаміны, якія былі раней дасланыя палітзняволенаму, на падставе таго, што няма медыцынскага заключэння для іх прыёму.
Падтрымаць Міхаіла Жамчужнага можна лістамі і паштоўкамі па адрасе: ПК-9, вул. Дабралюбава, 16, г. Горкі, Магілёўская вобласць, 213410.
Заснавальнік «Платформ Інавэйшн» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), арт. 16 (частка 5), арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванне да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконнае набыццё і збыццё спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дача хабару і дача хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.